Зялёны партал публікуе серыю інтэрв’ю з Кнігамі Жывой Бібліятэкі спецыяльна да першага юбілея арганізацыі.

“З чым у вас асацыіруецца паганства? Звычайна са старажытнасцю, ахвярапрынашэннем, сектай і жыццём дзесьці на хутары. Гэта стэрэатыпы і бязглуздзіца, сцвярджае Яраслаў Ульяненкаў, які называе сабе паганцам, жыве і працуе ў Мінску. Мы сустрэліся з ім і задалі яму ўсе гэтыя пытанні пра кроў, амулеты і штодзённы быт.

– Як вы разумееце паганства?

– Гэта мой светапогляд, пэўныя дзеянні, якія адпавядаюць святам, пашане продкаў і прыроды. Такім чынам да веганства можна прыйсці больш натуральна, бо ёсць паразуменне таго, што боль не толькі ў чалавека, але і ў жывёлы. Я не хаджу ў лапцях і не жыву ў лесе, як некаторыя думаюць.

–  А якія святы адзначаеце?

– Вы ўсе іх ведаеце. Тая ж Масленіца, Новы год…

– Заўсёды падавалася, што Новы год – гэта цалкам свецкае свята.

– На сам рэч, яно мае свой даўні пачатак. Мне гэта адзін дзядзька ў Бельгіі расказаў. Чаму мы ставім ёлку? Таму што ў нас яна заўжды жывая. І павер’е кажа, што гэта з-за таго, што там жывуць душы продкаў. Раней, калі людзі змагаліся за тэрыторыю, яны часам у ахвяру прыносілі ворагаў. Дык вось шарыкі навагоднія – раней былі галовамі ворагаў, якімі ўшаноўвалі памяць продкаў. Таму гэта свята паганскае па сутнасці.

–  А як вы ўшаноўваеце прыроду і продкаў?

–  Я заўжды прагну быць у вёсцы Трасцянцы, дзе я нарадзіўся, жадаю даць пашану месцу, дзе пахаваны мае продкі, дом, дубы, лес… Той жа лес – гэта наш храм. Раней асноўныя святкаванні ўсе адбываліся ў лесе або на прыродзе. Не было штучных дыскатэк ці вечарынак у клубе пад музло. Музло было, канешне, але ў іншых месцах. Асаблівасці святкавання з большага залежылі ад пэўнага дня.

Напрыклад, пераходы сонца з лета на зіму, дні раўнадзенства – усё створана не чалавекам, а сусветам. Тое ж Купалле, якое звязана, на сам рэч, з сонцаваротам, – гэта энергетычна вельмі моцны дзень. Трэба гэтыя святы ведаць, і тады гэта ўсё будзе толькі на карысць. Гэта ўсё голас крыві. Калі ты яго спрабуеш пачуць – ён будзе гучней.

– Дзе вашы месцы сілы?

– Амаль паўсюль. Але не ў горадзе дакладна. У горадзе энергетычны патэнцыял прыроды перабіваецца чалавечай дзейнасцю. Таму лепшае месца сілы – гэта дзікая прырода, максімальна на большай адлегласці ад людзей. Не пашкоджаная, без смецця – гэта ідэальна. Як мінімум, лясок, парк, дрэўцы…  Сонца заўжды дапамагае.

– А ў вас не пытаюць пра ахвярапрынашэнне?

– Пытаюць, але гэта з-за адсутнасці разумення, што такое паганства. Сутнасць паганства – гэта гармонія. Раней у людзей не было магчымасці штосьці зрабіць, каб не нашкодзіць. І такі жорсткі падыход – гэта больш фанатызм і ўласныя забабоны. Такое можна сустрэць і ў іншых рэлігіях, але, калі кажаш пра гэта, яны аднекваюцца.

Наш сусвет патрабуе гармоніі, бо чалавек частка сусвету. Шмат ёсць файных, якасных варыянтаў, якія сусвет будзе прымаць больш ахвотна, чым забітых жывёл ці немаўлят. Відавочна, што гармонія больш парушаецца ад гэтых ахвяр, і людзі запытваюць пра гэта проста абы куснуць.

Калі я людзям шмат тлумачу, потым яны з большым паразуменнем да ўсяго ставяцца. Мы павінны адпавядаць сучаснасці і развівацца. Трэба гэтыя стэрэатыпы добрымі дыскусіямі, прыкладамі, тлумачэннямі проста руйнаваць. Людзі натуральна разумеюць, што тое, што яны робяць часам і ёсць больш паганства, чым хрысціянства.

– Цікава, кім вы працуеце.

–  Я працую ў ІТ. У мяне спачатку не было нейкіх адмысловых ведаў для гэтага, увайшоў толькі з валоданнем мовы. Я папрасіў, каб дзяды, багі спрыялі. І сусвет мяне пачуў. Потым пачаў на гэтым падмурку будаваць нешта больш моцнае, прафесійнае і такім чынам развіваюся. Я не магу вядзьмарыць і зарабляць гэтым грошы. Гэта ж так не працуе. І тыя, хто зарабляе на гэтым, проста махляры.

–  Як на працы ставяцца да вашага светапогляду?

–  Людзі, якія працуюць у ІТ, з большага інтраверты. Але калі яны чуюць нейкую цікавую інфу, пачынаецца бум пытанняў. І я павінен несці вогнішча ведаў, таму і раблю гэта, сумяшчаючы з працаю.

Людзі дзівяцца, канешне, і на тое, што я веган. Пытаюцца, як ты без мяса не памёр, дзе ты бярэш бялок… Веганю я ўжо каля шасці гадаў, вегетарыяню яшчэ долей.

А паганства –  гэта ў мяне заўжды такая непахісная сувязь з сусветам была. Іншая справа, што я асэнсаваў гэта толькі напэўна ў 19 гадоў. Я тады пачаў свой пошук. У мяне яшчэ быў крыжык, як і ва ўсіх.

Але я задумаўся, што Мухамад – мусульманін, Буда – азіят. А мы балтаславяне, ліцвіны, крывічы, а якім чынам нехта можа нам нейкія парады даваць? Ісус тут таксама не жыў і гэтае асяроддзе зусім не яго. Таму я шукаў, адкуль ідуць нашы карані. І найшоў такім чынам. Той, хто мае вочы, не заўжды бачыць.

–   Ёсць нейкія ў вас амулеты, якія вас ахоўваюць?

–   Перш за ўсё – сонца, салярныя сімвалы. Бо гэта відавочна тое, без яго  мы знікнем. Ну і далей можна выкарыстоўваць іншыя рэчы у залежнасці ад таго, наколькі чалавек зрабіў самааналіз і ўбачыў, якая стыхія яму больш спрыяе: зямля, вада, сонца, паветра, агонь.

Усё гэта вакол нас, і ўсё гэта ствараецца лепш за ўсё ўласнымі рукамі. Падарункавыя могуць быць спрэчнымі: не тая энергетыка, але, калі гэта ведаеш, падладжваеш пад сябе.

–   А што вы самі рабілі?

–   Я рабіў абярэгавую нітку жонцы, калі яна была цяжарная. Дачцэ таксама рабіў. Сабе я набыў калісьці даўно сімвал сонца. І з таго часу ён мая батарэйка. Ланцуг майго таты, які ён пры жыцці цягаў, таксама дае мне сілу.

Некаторыя рэчы ў дом прыношу. З Карпатаў прывёз класных каменьчыкаў, кавалачкаў дрэва. У асноўным гэта ўсё звязана з прыродай, проста з іншых мясцін, там дзе яна больш некранутая, дзе мае свой энергетычны патэнцыял. На сабе насіць гэта ўсе не абавязкова. Гэта ўсё вакол нас, і, калі ты з гэтым знітаваны, усё спрыяе, аберагае і дапамагае.

–   Вы, напэўна, добра адчуваеце дзікую прыроду. На вашу думку, у Беларусі яе добра ахоўваюць?

–   На мой погляд, нідзе прырода не ахоўваецца досыць належным чынам. Пластык яе забруджвае па ўсім свеце. Гэта як выпрабаванне на свядомасць, на чалавечнасць. Людзі спяць – ім класна. У іх “айфоны”, а душы няма. Ім пляваць на прыроду, бо ўсё гэта глабальна руйнуецца. Плюс мы можам бачыць, што гарыць Сібір, Амазонія… А калі гарэў Нотр-Дам-де-Пары за некалькі дзён сабралі амаль 1 мільярд еўра. А што людзям стане лепш жыць ад гэтага будынку? Стане менш галодных і больш душы ў людзей? Канешне, не. Таму бачна, што стаіць за гэтай спажывецкая сучаснасцю.

Калі Амазонію не можам патушыць, смецце не можам перапрацоўваць, а аднавіць храм – гэта самае галоўнае. Але ж нельга казаць, што дзесьці лес гарыць, а мы да гэтага недатычныя. Гэта ўсё знітавана, і ўсе мы будзем раней ці пазней пакутаваць, не важна дзе адбываюцца змены ў прыродзе.

–  Самі вы таксама дома імкняцеся выкарыстоўваць экалагічны падыход?

–  Вядома, па магчымасці ўсё робім у стылі zerro-waste. У мяне жонка вегетарыянец і да гэтых пытанняў ставіцца з павагай, але часам не бачыць альтэрнатывы. Я кажу, давай палачкі для чысткі вушэй рабіць па олдскулу: на драўляную палачку ватку і ўсё. 100 адсоткаў біялагічна распадаецца. Навошта набываць прадукцыю кампаній, якія на жывёлах тэсціруюць свае прадукты. Калі ёсць магчымасць быць лепш, чаму б не быць. Але тут няма ліміту, таму шукаем кожны дзень нешта новае.

–  А ці цяжка быць у нас веганам?

–  Не, зараз зусім цудоўна стала. Калі я пачынаў, 11 гадоў таму, нават вегетарыянцам было складана. А зараз шмат чаго ёсць. Можна і трэба ўжываць гэта, каб быць больш здаровым і каб больш сяброўскай была ўся твая жыццядзейнасць да прыроды.

 Бо людзі любяць піць за здароўе, а есці за здароўе яны яшчэ не навучыліся. Тут відавочныя перавагі і кожнаму па кішэні. Жэстачайшэ агітую, таму што варыянтаў і магчымасцяў шмат. І можна быць здаровым, як бык. Які, дарэчы, мяса не ўжывае.

Але ў кожнага з нас розныя ўзроўні. Я таксама быў калісьці мясаедам жорсткім. Гэта вельмі дзіўна, бо ніхто ў мяне з асяроддзя надта не веганіў і не вегетарыяніў. Але я паспрабаваў – і ўсё атрымалася. Ні аб чым не шкадую. Толькі ўдзячны.

–   А не думаеце, што зараз быць веганам – гэта такі трэнд і хутка ўсё спадзе?

–    Я заўважыў, што стала больш мерапрыемстваў, прадуктаў. Калі веганіць дзеля моды, гэта сінтэтычна. Але хай лепш будзе такі папсовы падыход, чым будуць гінуць жывёлы і будзе забруджвацца навакольнае асяроддзе. Вядома ж, час расстаўляе кропкі над “і” ва ўсім.”

Апублікавана на Зялёным Партале

Аўтар: Надзея Анісовіч, Фота: Аляксей Басалай