Ці могуць адмяніць спіс забароненых прафесій для жанчын у Беларусі? - Цэнтр "Жывая Бібліятэка"
Адукацыя

Ці могуць адмяніць спіс забароненых прафесій для жанчын у Беларусі?

У межах Тыдня нулявой дыскрымінацыі адбыўся эфір з Ірынай Саламацінай, Прыхільніцай “Беларускай арганізацыі працоўных жанчын”, дзе Ірына разважала над такой вострай праблемай, як існаванне спіса забароненых прафесій для жанчын у Беларусі.

Эфір прайшоў дзякуючы супрацы Цэнтра “Жывая Бібліятэка” і Асамблеі НДА Беларусі.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (раздзел 41) гарантуе грамадзянам_кам “права на працу як на найбольш годны спосаб самасцверджання чалавека, то бок права на выбар прафесіі, роду занятасці і працы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадзянскіх патрэбаў, а таксама на здароўе і бяспечныя ўмовы працы”.

Але, тым не менш, існуе іншы дакумент, а менавіта Пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай аховы Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2014 г. № 35, якая ўводзіць пералік (спіс) работ, дзе забараняецца выкарыстоўванне працы жанчын. На гэтую пастанову спасылаюцца працадаўцы, калі не бяруць на працу жанчын, якія прэтэндуюць на так званыя “мужчынскія” прафесіі. 

Такая сітуацыя назіраецца ў беларускім горадзе Салігорску, дзе найбуйнейшым прадпрыемствам, якое забяспечвае горад працоўнымі месцамі, з’яўляецца “Беларуськалій”. Многія жанчыны, жыхаркі гораду, выказваюць жаданне працаваць у шахтах на здабычы сыравіны для ўгнаенняў. Жанчыны хочуць мець добры заробак, каб забяспечыць сабе годны ўзровень жыцця, але Пастанова №35 забараняе кіраўніцтву прадпрыемства браць на працу жанчын.

Атрымліваецца, што правы, прадпісаныя асноўным законам Канстытуцыяй, не рэалізоўваюцца ў сучаснай Беларусі.

Як так сталася?

Спіс забароненых прафесій для жанчын (“Спіс цяжкіх работ і работ у шкодных і (або) небяспечных умовах працы, на якіх забараняецца прыцягваць да працы жанчын”) быў створаны ў 1932 годзе, калі тэрыторыя сучаснай Беларусі была ў складзе СССР, і цяпер, у 2021 годзе, ён працягвае існаваць.

Да 2014 году ў спісе было 252 прафесіі, недаступныя жанчынам.

Пасля 2014 году спіс быў перагледжаны і скарочаны да 181 прафесіі, якія закранаюць 42 працоўныя галіны. 

Са спісу вынікае, што жанчына не можа займацца кавальскай справай, не можа быць вадалазам ці рэгуляваць хуткасць руху вагонаў, не мае права выпрабоўваць баявыя і спецыяльныя машыны і вальцаваць гумовыя сумесі.

Пад скарачэнне трапілі тыя прафесіі, якія больш не прадстаўленыя на рынку працы, што, вядома, не прывяло да істотных зменаў у працоўнай занятасці насельніцтва.

Існаванне спіса тлумачыцца клопатам пра здароўе і, у прыватнасці, пра рэпрадуктыўную функцыю жанчыны. Як правіла, да забароненых прафесій аднесеныя тыя віды дзейнасці, якія могуць быць небяспечнымі не толькі для здароўя, але і для жыцця.

Тое, што такі спіс існуе, ставіць перад грамадствам шэраг пытанняў.

    1) Немагчымасць рэалізацыі жанчын у некаторых галінах працоўнай дзейнасці

Гэты пункт можа падацца самым нязначным, але калі ўлічыць, што чалавек, і мужчына, і жанчына усё ж істота сацыяльная і эмацыйная, то немагчымасць рэалізавацца ў любімай справе не выглядае такой бяскрыўднай.

Цікава і тое, што жанчыны могуць атрымліваць профільную адукацыю, але не могуць потым працаваць па прафесіі.

Але і тут ёсць акалічнасць: пералік забароненых прафесій распаўсюджваецца толькі на наёмную працу.

На жаль, толькі частку прафесій можна асвоіць і легалізаваць праз індывідуальнае прадпрымальніцтва.Напрыклад, адкрыўшы ІП, можна стаць жанчынай-кавалём або кіраваць фурай.

    2) Адсутнасць клопату пра мужчынскае здароўе

Дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі сапраўды выклікае заклапочанасць. Але ўвядзенне спіса забароненых прафесій ніяк не ўплывае на паляпшэнне гэтага становішча.

Важна памятаць і тое, што ў мужчын таксама ёсць рэпрадуктыўная функцыя, якая можа быць страчаная або парушаная праз шкодныя ўмовы працы.

Бо атрымліваецца, што наяўнасць спісу як бы гарантуе клопат пра захаванне колькасці насельніцтва Беларусі. Але ж пры больш дасканалым аналізе сітуацыі робіцца відавочным тое, што кожны чалавек незалежна ад полу павінен забяспечвацца сродкамі індывідуальнай аховы, пры неабходнасці накіроўвацца на лячэнне ці аздараўленне, мець доступ да кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, у тым ліку пры лячэнні “прафесійных” захворванняў.

Клопат пра кожнага і кожную работніка і работніцу падаецца не толькі больш лагічным, але і больш натуральным і эфектыўным, у тым ліку і для працадаўцы.

Калі ўмовы працы будуць бяспечнымі для жанчын, то такімі ж яны будуць і для мужчын.

Да таго ж існуе вялікая розніца ў працягласці жыцця для мужчын і жанчын. І розніца гэтая складае амаль 10 год.

Нескладана звязаць у адзін ланцужок шкодныя ўмовы працы і раннюю смяротнасць сярод мужчын.

    3) Жанчына як несамастойная адзінка

Існаванне спіса ставіць пад сумнеў той факт, што жанчына ў стане самастойна паклапаціцца пра сваё цела і сваё здароўе.

Кожная жанчына мае права на выбар быць маці ці не быць, нараджаць або не.

Калі жанчына хоча мець дзяцей і робіць выбар на карысць мацярынства, то яна не выбярэ для сябе занятак, які можа нашкодзіць ёй або яе патомству.

А прымус да працы (у тым ліку, шкоднай) забаронены Канстытуцыяй (артыкул 41, апошні абзац).

Жанчына не можа разглядацца ў якасці “інкубатара”, гэта ідзе ў разрэз з агульначалавечымі нормамі і міжнароднымі дакументамі, якія гарантуюць правы і свабоды кожнага чалавека на зямлі.

Ці можа спіс быць адменены?

Суседняя Беларусі Украіна таксама мела спіс забароненых для жанчын прафесій, які атрымала як спадчыну ад СССР. Але некалькі год таму спіс быў адменены цалкам.

Такі спіс працягвае існаваць у Малдове (таксама краіна былога СССР) і ў краінах Цэнтральнай Азіі.

Развязанне сітуацыі наўпрост залежыць ад таго, як часта гэтае пытанне будзе ўзнімацца ў грамадстве. Важна, каб прафсаюзы, у абавязкі якіх і ўваходзіць абарона інтарэсаў працоўных, не маўчалі пра гэта.

На жаль, многія жанчыны несвоечасова звяртаюцца па дапамогу, калі ўжо позна пачынаць юрыдычную працэдуру. Некаторыя проста не маюць часу, сілы і веры ў тое, што галоснасць дапаможа зрушыць “камень” з мёртвай кропкі.

Важна згадаць ролю СМІ, бо менавіта праз іх фармуецца вобраз жанчын у “нежаночых” прафесіях.

Падсумоўваючы, варта адзначыць тое, што адмена спіса забароненых прафесій можа істотна змяніць сітуацыю на рынку працы ў лепшы бок.

Праца па адмене спіса вядзецца многімі арганізацыямі, якія маюць патрэбу ў валанцёрскай дапамозе:

Беларуская арганізацыя працоўных жанчын

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Гендарныя перспектывы”

Грамадскае аб’яднанне “Радзіслава”

Дайджэст гендарных арганізацый і ініцыятыў

Матэрыял падрыхтаваны ў межах Zero Discrimination Week

Тэкст: Юстына Саўка
Фота: freepik.com, pinterest.ru

Падпісацца на навіныПадтрымацьВаланцёрства
Глядзіце таксама
Кнігі

Девушка с ОКР – про опоздания, токсичные отношения и «правила» жизни

Інклюзія

Чем занимались больничные клоуны, пока больницы были закрыты на карантин?

Кнігі

«Если меня запугивают, я лишь убеждаюсь, что делаю все правильно». Как Станислава Терентьева борется со стереотипами

Інклюзія

Дзейнічаць інклюзіўна — проста!