Тэкст: Ксенія Сырамалот

У ліпені гэтага года я і мая сяброўка, па сумяшчальніцтву каляжанка з Жывой Бібліятэкі, знаходзіліся на Летняй Школе па Правах Чалавека ў Вільні. Сама Жывая Бібліятэка працуе з тэмай недыскрымінацыі і інклюзіі, наша дзейнасць грунтуецца на Правах Чалавека, таму мне і сяброўцы было важна атрымаць больш ведаў на гэтую тэму.

Калі коратка апісваць Школу, то гэта будзе выглядаць неяк так. Цэлы тыдзень мы вучыліся і размаўлялі пра Правы Чалавека, засвойвалі базавыя веды. Мы ішлі ад агульнага да асобнага. Спачатку кароткі агляд Правоў Чалавека: пра сутнасць, розныя падыходы да разумення, акрэсліванне сферы, дзе дзейнічае Права Правоў Чалавека. Затым мы паглыбляліся ў асобныя тэмы: недыскрымінацыя, смяротнае пакаранне, свабода слова, свабода ад катаванняў і шмат іншага. Акром гэтага, мы размаўлялі пра такія арганізацыі, як ААН, Савет Еўропы, АБСЕ і іх дзейнасць, звязаную з Правамі Чалавека.

Што хацелася б асобна адзначыць?

Эксперты і эксперткі. Ад прадстаўлення кожнага і кожнай у мяне яшчэ шырэй расплюшчваліся вочы. Нават зусім невялічкія словы пра тых, хто вёў заняткі на праграме, выклікалі такое захапленне. Я так магу сказаць, мне здавалася, што такім людзям няма часу на вядзенне заняткаў базавага курса па Правах Чалавека, яны ж там недзе людзей ратуюць у самым прамым сэнсе гэтага слова. Яшчэ цікавае ўражанне, калі нехта казаў, што працуе ў праваабароне, скажам, 20 год, у мяне гэта выклікала павагу. Для мяне нават 4 гады ўніверсітэта – доўгі тэрмін, а тут людзі працуюць з такімі складанымі рэчамі столькі, колькі я нават не пражыла пакуль. Дагэтуль праваабаронцы здаваліся мне нечым зусім абстрактным і амаль незнаёмым, толькі і бачыш у парадах часопіса 34MAG нумар “Вясны” і БХК на выпадак, калі кагосьці затрымаюць на мірнай акцыі. Усцешана, што ўжывую сустрэлася з гэтымі людзьмі і праваабаронцы праўда сталі людзьмі ў маёй галаве, а не нумарамі, сайтамі ці блакітнымі камізэлькамі.

Метады, з дапамогай якіх даносілася інфармацыя. Акром таго, што эксперты і эксперткі падаліся нейкімі вельмі цікавымі і дасведчанымі людзьмі, самі заняткі з імі ні ў якім разе не былі сумнымі. Я рада, што абсалютна на ўсіх занятках пласт тэорыі быў неадрыўны ад практыкі, гульняў і разгляду кейсаў. Больш за ўсё мяне эмацыйна ўразіла дыскусія на тэму смяротнага пакарання. Падчас яе я атрымала адказы на некаторыя пытанні, а таксама яшчэ больш аргументаў супраць смяротнага пакарання. Гэты блок можна апісваць асобна.

Пытанні на самарэфлексію. Такіх пытанняў было шмат. Яны агучваліся ўсім, але кожны і кожная адказвалі на іх самі для сябе, унутры сябе. Шмат у чым гэтаму садзейнічалі заняткі нашага школьнага форум-тэатра. Падчас Школы мы рабілі самыя розныя ўводныя практыкаванні, а пасля некалькі груп рыхтавалі сцэнкі на тэму Правоў Чалавека. Асабіста для мяне практыкаванні пакінулі пытанні, звязаныя з камфортам асобы сярод іншых, адказнасцю за іншых, “прычыненнем дабра”, залежнасцю і абсалютнай уладай… Спіс можна працягваць. Сам паказ сцэн таксама моцна ўразіў. Падчас сцэны нашай групы я была чалавекам, які казаў гомасэксуалу: “Я б вас усіх пазабівала” – мяне працяла халадком наскрозь, страшнае пачуццё. Самае галоўнае, што вынесла я – падтрымка і салідарнасць заўсёды маюць значэнне, адно дзеянне ўсё ж такі часам можа паўплываць на сітуацыю.

Што я атрымала ад Школы?

Веды і разуменне. Гэта самае галоўнае, напэўна. Цяпер я ведаю, як вызначыць, ці было парушэнне Правоў Чалавека, ці была дыскрымінацыя. Гэта такія “тэсцікі” на адпаведнасць асобным крытэрам. Для мяне было важна навучыцца абгрунтоўваць, а не разумець нешта на ўзроўні інтуіцыі, ці наадварот, умець патлумачыць, што нейкая з’ява зусім не пра Правы Чалавека і дыскрымінацыю. Разуменне таго, як увогуле разглядаць пэўныя сітуацыі. Разуменне важнасці разбору сутнасці з’явы, а не разгляду фармальных прыкмет. Таксама гэта і разуменне самой сябе і сваёй пазіцыі.

Пытанні. Я б схлусіла, калі б сказала, што Школа патлумачыла мне абсалютна ўсё. Ды і гэта проста немагчыма! Пасля заняткаў хацелася яшчэ больш паглыбіцца, каб знайсці адказы. Нас пра гэта папярэджвалі яшчэ ў самым пачатку Школы. “І гэта добра”, – казалі нам. Я згодная. Спачатку ў цябе ўзнікаюць пытанні, пасля ты паглыбляешся, а пасля Правы Чалавека становяцца часткай твайго жыцця.

Натхненне і рашучасць. Натхненне, каб працягваць працаваць. Рашучасць, каб звярнуць увагу і дапамагчы. Бліжэй да канца праграмы я неяк сказала: “Вось і які ў гэтым сэнс, калі са 118 рашэнняў Камітэта ААН па Правах Чалавека , датычных Беларусі, дзяржава не выканала ніводнага”. Гэта казалі і іншыя да мяне. На Школе не было ніякіх ілюзій. Аднак дзейнічаць неабходна, каб усё не станавілася яшчэ горш. Так, трэба разумець рэальнасць, але і трэба намагацца нешта палепшыць. Кожны і кожная могуць зрабіць унёсак, нават маленькі ўнёсак будзе важны: ахвяраванне таму, каму яно патрэбна; ліст са словамі падтрымкі; валанцёрства; маніторынг і назіранне; асвета. Нават калі ты прыйдзеш проста паглядзець на самы, на першы погляд, нязначны суд, гэта можа нешта змяніць. Гэта вярнулася са мной са Школы ў Мінск. І я рада, што ў Жывой Бібліятэцы і не толькі я магу пакласці ад сябе невялічкую кропельку карысці, каб пазней яна стала часткай возера ці нават акіяна салідарнасці і ўзаемадапамогі, агульнай працы.

За ўсё вышэй згаданае хацелася б падзякаваць усім, хто прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні Школы, і асабліва, Адрэю Палудзе – каардынатару Школы (за арганізацыю, змест, працу з групай і адкрытасць) і Дар’і Рублеўскай – асістэнтцы каардынатара (за смачную ежу, стрэсаўстойлівасць і камфортныя ўмовы).

Усё пачынаецца з цябе.

Фота: Андрусь Крэчка