Зараз наша каманда складаецца з 8 арганізатараў і арганізатарак і каля 10 валанцёраў і валанцёрак, якія дапамагаюць нам рыхтаваць і праводзіць усе мерапрыемствы. У нас вялікая і вельмі дынамічная каманда, якая ўвесь час змяняецца, шукае сябе і імкнецца стаць яшчэ лепш! Далучайся!


Марына Штрахава. Старшыня Праўлення, каардынатарка праектаў, адна з заснавальніц праекта

Пазнаёмілася з фарматам Жывой Бібліятэкі ў красавіку 2012 у адной з бібліятэк Вроцлава (Польшча) падчас праекта Study Tours To Poland. Праз 2,5 гады рэалізавала гэты досвед у Беларусі. Марына жыве фарматам, які ўплывае на яе жыццё не менш, чым яна ўплывае на фармат. Верыць у тое, што праект закладае добры падмурак для пазітыўных зменаў у грамадстве. Беларускамоўная, есць мяса, любіць змешваць розныя гатункі гарбаты, не ўяўляе раніцу без кавы, любіць падарожнічаць. Заўжды адкрытая да ўсяго новага. Бясконца любіць свабоду і лічыць, што ў кожнага ёсць права быць Іншым і ніхто не можа нас яго пазбавіць.

Марыя Лукашук. Дырэктарка ўстановы, чалец Праўлення, адна з заснавальніц праекта

Пазнаёмілася з Жывой Бібліятэкай ва Украіне ў 2013 і адразу закахалася. За гады ўзаемаадносін з фарматам паспела выканаць усё ролі і зразумець, што Бібліятэкару складаней за ўсіх! Бібліятэкар шукае цікавыя Кнігі, а потым не можа з імі размаўляць бо займаецца арганізацыяй. Карацей, Марыя – чалавек  эмацыйны, які захапляецца новымі ідэямі кожны тыдзень і шукае натхненне ў бясконцых вандроўках. Бо за мяжой жа столькі новых цікавых людзей! Імкнецца зразумець кожнага, але не заўсёды разумее сябе. Яе самым вялікім захапленнем з’яўляюцца танцы, розныя стылі ды іх гісторыя. Аддала гэтаму мастацтву некалькі пяцігодак свайго жыцця і хоча аддаць яшчэ. Самым важным у жыцці лічыць справядлівасць і ўнўтраныя прынцыпы чалавека, бо толькі гэта можа прывесці нас да грамадства, дзе нам будзе не сорамна жыць. Марыць пра двух вялікіх сабак і ў рэшце рэшт знайсці асабістую раўнаўвагу.

Ганна Марзан. Чалец Праўлення, каардынуе Жывыя Бібліятэкі ў Мінску

Прыйшла ў каманду ў жніўні 2015 года. Пачынала як валанцёр-фатограф, але неўзабаве стала адной з арганізатарак Жывых Бібліятэк. Не мае ілюзій наконт таго, што стэрэатыпы знікнуць зусім, але марыць пра тое, каб любы чалавек загадзя не ставіўся негатыўна да Іншых, адрозных ад яго людзей. Прымае Іншых не па колеры скуры, веравызнанні, сэксуальнай арыентацыі, прафесіі, гендару і ўзросце, а паводле іх учынкаў. Лічыць, што ў любой сітуацыі трэба заставацца Чалавекам. Любіць падарожнічаць, хадзіць у паходы, чытаць, пазнаваць і спрабаваць новае, фатаграфаваць. Сацыянічны тып – сапраўдны Драйзер. Не заўсёды добрая, але справядлівая. Умее смяяцца з сябе.

Зміцер Радзіеўскі. Чалец Праўлення, каардынуе Жывыя Бібліятэкі ў іншых гарадах

Студэнт, работнiк сферы продажаў, з адукацыі металург. Доўгі час працаваў над уласнай адкрытасцю навакольнаму свету і людзям, у выніку дасягнуў поспеху. Таму лічыць, што пры жаданні гэтага можа дасягнуць кожны, а Жывая Бібліятэка – адзін са зручных інструментаў на гэтым шляху. З фарматам праекта пазнаёміўся ў жніўні 2016 года. На першае мерапрыемства патрапіў у выніку доўгіх пошукаў бясплатных мерапрыемстваў на Facebook. Заяўку на валанцёрства падаў адразу ж, але патрапіць у каманду змог толькі пасля асабістага знаёмства з каардынатаркай праекта. На дадзены момант з’яўляецца адным з арганізатараў, працуе з валанцёрамі ў тэхнічным напрамку. Лічыць, што любыя погляды маюць месца. Задача чалавека – прыняць той факт, што кожны мае права на сваё меркаванне, і да гэтага меркавання трэба ставіцца з павагай.

Віка Парэчына. Арганізатарка

Далучылася да каманды ў 2015 годзе. Пазнаёмілася з фарматам Жывой Бібліятэкі на моладзевым праекце ў Іспаніі і адразу ж праніклася гэтай ідэяй, таму з задавальненнем далучылася да ўжо існуючай каманды ў Беларусі. Фаталістка. Лічыць, што не бывае дрэнных ці нецікавых людзей. Верыць, што ўсё ў жыцці вяртаецца да чалавека. Цікавіцца тэмай інклюзіі ў Беларусі. Упэўненая, што ўдзел у жыцці НДА – адно з лепшага, што можа здарыцца з моладдзю і студэнтамі і сур’ёзна паўплываць на светапогляд ў далейшым. Успрымае Жывую Бібліятэку не толькі як спосаб скасаваць стэрэатыпы, але і як выдатнейшы шанец для Чытачоў пашырыць свой кругагляд у тых напрамках, пра якія яны ніколі нават не думалі.

Ксенія Сырамалот. Арганізатарка

Прыйшла ў каманду восенню 2017 года. Дагэтуль была знаёмая з фарматам Жывой Бібліятэкі як Чытачка. Зараз дапамагае ў арганізацыі мерапрыемстваў, SMM. Праводзіла трэнінг па арганізацыі фармата Жывой Бібліятэкі ў Гродна. Любіць фіялетавы колер, згушчонку, гукі чыгункі, гісторыю і творы Караткевіча. Імкнецца разумець іншых. Лічыць, што на ўсё ёсць прычына. У Жывой Бібліятэцы навучылася значна лепей камунікаваць з людзьмі і больш уважліва да іх ставіцца. Жывая Бібліятэка і людзі там яе неверагодна натхняюць.

Дар’я Лебедзева. Каардынатарка валанцёраў

Прыйшла ў каманду ў 2016 годзе, спантанна для сябе, бо нічога не ведала пра фармат. Спачатку дапамагала як тэхнічныя валанцёрка, але занадта ўцягнулася і палюбіла Жывыя Бібліятэкі ды й увогуле моладзевы актывізм. Вельмі натхняюць новыя людзі і іх гісторыі, вопыт жыцця і вандровак. Лічыць, што ў сучаснай беларускай моладзі ёсць значна больш магчымасцей, чым яна бачаць і хоча пабачыць. Верыць у тое, што не існуе дрэнных людзей. Скончыла мехмат, не ўяўляе сваё жыццё без матэматыкі, музыкі і кніг. Жывая Бібліятэка навучыла не баяцца людзей і размаўляць з імі.

Любоў Ланіна. Каардынатарка SMM&PR

У камандзе Жывой Бібліятэкі з 2017 года па закліку сэрца. Знаёмая з Жывой Бібліятэкай з 2015 года, наведвала мерапрыемствы, сачыла за дзейнасцю каманды. Тое, што рабілі бібліятэкары і бібліятэкаркі, натхняла яе, заўсёды пакідала пазітыўнае ўражанне. Ёй адгукаецца ідэя разбурэння стэрэатыпаў у свядомасці людзей, развіццё камунікацыі. З 2017 года знаходзіцца ў камандзе Жывой Бібліятэкі. Змяніла свой статус у камандзе з валанцёркі на прыхільніцу арганізацыі. На дадзены момант займаецца камунікацыяй з Кнігамі, дапамагае ў арганізацыі мерапрыемстваў (выкананні некаторых задач). Праводзіла трэнінг па арганізацыі фармата ЖБ. Апантана любіць Жывую Бібліятэку і яе каманду.

У мінулым разам з намі працавалі
Воля Арцёмчык. Адна з заснавальніц і арганізатарак праекта

Цяпер у жыцці супольнасці не ўдзельнічае і займаецца іншымі, не менш цікавымі праектамі. Упершыню пазнаёмілася з Жывой Бібліятэкай у Даніі, дзе была ў камандзе Жывой Бібліятэкі і паралельна Кнігай. Беларускую Жывую Бібліятэку лічыць адной з самых крутых падзей, якія здараліся ў яе жыцці. Кажа, што атрыманы досвед арганізацыі Жывых Бібліятэк і працы ў камандзе адмыслова паўплываў не толькі на яе прафесійныя навыкі, але і змяніў яе адносіны да так званага “першага ўражання”. Кажа, што перадусім павінен быць асабісты досвед. Таму паслухай меркаванне іншага, прымі да ўвагі, але паспрабаваць маеш сам(а). Любіць чырвоную памаду, займаецца тайскім боксам, пячэ смачны пірог з морквы, марыць з’ехаць у Грузію. Лічыць каўчсёрфінг лепшым спосабам даведацца пра звычкі мясцовых жыхароў.

Ганна Платніцкая. Адна з арганізатарак

У каманду Жывой Бібліятэкі прыйшла праз год пасля старту праекта падчас Тыдня Студэнта ў лістападзе 2015 года, спачатку як валанцёрка, а пасля ўжо і як арганізатарка. Упэўненая, што цэтлікі для рэчаў, а не для людзей. Лічыць, што Жывыя Бібліятэкі, акрамя разбурэння стэрыатыпаў, з’яўляюцца цудоўным варыянтам нефармальнай адукацыі. У звычайным жыцці яна студэнтка-медык, займаецца тайскім боксам. Любіць і верыць у людзей, але аддае перавагу магчымасці пабыць адной. У жыцці прытрымліваецца фразы Гандзі: “Будзь тым змяненнем, якое хочаш бачыць у жыцці”.