Пра нашу арганізацыю

/Пра нашу арганізацыю

Жывая Бібліятэка ў першы раз прайшла ў Беларусі 11 кастрычніка 2014 года. Арганізатаркамі мерапрыемства сталі Марына Штрахава, Марыя Лукашук і Вольга Арцёмчык.

Доўгі час Жывая Бібліятэка існавала як ініцыятыва, аднак 12 ліпеня 2017 года супольнасць атрымала рэгістрацыю ў Мінгарвыканкаме як сацыяльна-творчая установа “Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі “Жывая Бібліятэка”.

Наша місія: мы развіваем грамадства, пабудаванае на прынцыпах роўнасці, інклюзіі, недыскрымінацыі і талерантнасці, праз эфектыўную камунікацыю паміж рознымі сацыяльнымі групамі і павелічэнне іх бачнасці.

Мэтамі ўстановы з’яўляюцца:

  • садзейнічанне развіццю эфектыўнай камунікацыі паміж людзьмі, заснаванай на прынцыпах інклюзіі, роўнасці, недыскрымінацыі і талерантнасці;
  • садзейнічанне разбурэнню стэрэатыпаў і прасоўванню разнастайнасці ў грамадстве;
  • прасоўванне інклюзіўных практык і падыходаў у дзейнасці розных суб’ектаў беларускага грамадства;
  • павелічэнне бачнасці сацыяльных груп у публічнай прасторы рознымі метадамі.

У Праўленне ўстановы, якое абіраецца на Агульным Сходзе Прыхільнікаў і Прыхільніц, зараз уваходзяць Зміцер Радзіеўскі (Старшыня), Дар’я Лебедзева (сакратарка), Марыя Лукашук (дырэктарка ўстановы), Марына Штрахава, Ганна Марзан і Любоў Ланіна.

Злева направа: Марыя Лукашук, Ганна Марзан, Любоў Ланіна (на тэлефоне), Марына Штрахава, Зміцер Радзіеўскі (Старшыня) і Дар’я Лебедзева (сакратарка).

Зараз установа рэалізоўвае розныя праекты і фарматы, адным з якіх застаецца фармат Жывых Бібліятэк.

“Жывая Бібліятэка” – гэта незвычайная бібліятэка. Тут замест звыклых нам “кніг” выступаюць жывыя людзі са сваімі гісторыямі, якія гатовы адказваць на любыя пытанні. “Кніга” – гэта жывы чалавек, які мае пэўную ідэнтычнасць, рэдкую прафесію, унікальны досьвед, незвыклы для “большасці” лад жыцця альбо светапогляды.

Працуе “Жывая Бібліятэка” гэтак жа, як і звычайная: “чытачы” прыходзяць, атрымліваюць “картку чытача”, выбіраюць “кнігу”, запісваюцца і чытаюць яе на працягу пэўнага часу.

«Жывая Бібліятэка» можа быць карысная вам, калі вы хочаце:

  •  Абмеркаваць стэрэатыпы і пазбавіцца ад забабонаў у адносінах да іншых людзей;
  •  Задаць пытанні людзям-прадстаўнікам пэўных сацыяльных груп або прафесій, даведацца аб іх жыццёвым досьведзе, пачуццях і праблемах, з якімі яны сутыкаюцца ў грамадстве;
  •  Лепш зразумець вашых сваякоў, сяброў, калег па працы, з якімі вас падзяляюць якія-небудзь адрозненні.

З відэа ад праекта “Апантаныя” (Tut.by) можна больш падрабязна даведацца пра тое, як адбываецца само мерапрыемства:

Жывыя Бібліятэкі дапамагаюць не толькі чытачам даведацца пра Іншага, але і самім “жывым кнігам”. Яны трапляюць у прастору, дзе іх хочуць пачуць і паспрабаваць зразумець. Багата хто з кніг кажа, што гэтыя мерапрыемствы натхняюць іх.

На наш погляд, фармат Жывой Бібліятэкі вельмі важны для нашага грамадства. У нас існуе стэрэатып пра тое, што наша грамадства вельмі талерантнае. Але, як паказвае практыка, гэта далёка ня так. Людзі дазваляюць сябе не толькі крыўдныя выказванні, але часам нават агрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да прадстаўнікоў некаторых сацыяльных груп. Фармат дазваляе спраўдзіць ці супадае стэрэатыпнае ўяўленне ў галаве “чытача” пра нейкую сацыяльную группу з рэальным прадстаўніком ці прадстаўніцай гэтай супольнасці. Праз размову з “жывымі кнігамі” людзі даведваюцца больш пра іх лад жыцця і светапогляды і праз гэта змяняюць альбо ставяць пад сумнеў сваё стаўленне да прадстаўленай супольнасці.