Зараз наша каманда складаецца з 10 Прыхільніц і Прыхільнікаў і больш чым 20 валанцёрак і валанцёраў, якія дапамагаюць нам рыхтаваць і праводзіць усе нашы мерапрыемствы, ажыццяўляць нашу дзейнасць і рухацца да нашых мэтаў. У нас вялікая і дынамічная каманда, якая ўвесь час змяняецца, шукае сябе і імкнецца стаць яшчэ лепш! Далучайся!


Марына Штрахава
Сузаснавальніца Цэнтра, Старшыня Праўлення
Пазнаёмілася з фарматам Жывой бібліятэкі ў красавіку 2012 пад час праграмы “Study Tours To Poland” ва Вроцлаве (Польшча). Праз 2,5 гады правяла сваю першую Жывую бібліятэку ў Беларусі разам з Марыяй Лукашук і Воляй Арцёмчык. Жыве фарматам, які ўплывае на яе жыццё не менш, чым яна ўплывае на фармат. Верыць у тое, што яе дзейнасць закладае добры падмурак для пазітыўных зменаў у грамадстве, хоць і ў доўгатэрміновай перспектыве. Беларускамоўная, феміністка, есць мяса, любіць змешваць розныя гатункі гарбаты, не ўяўляе раніцу без кавы, любіць падарожнічаць. Заўжды адкрыта да ўсяго новага. Бясконца любіць свабоду і лічыць, што ў кожнага ёсць права быць Іншым і ніхто не можа нас яго пазбавіць.

Зміцер Радзіеўскі
Чалец Праўлення, дырэктар Установы
Працаўнік сферы продажаў, па адукацыі металург. Доўгі час працаваў над уласнай адкрытасцю навакольнаму свету і людзям, у выніку дасягнуўшы поспеху. Таму лічыць, што пры жаданні гэтага можа дасягнуць кожны, а фармат Жывой бібліятэкі – адзін з зручных і даступных “інструментаў” на гэтым шляху. Пазнаёміўся з фарматам у жніўні 2016. На першае мерапрыемства трапіў у выніку доўгіх пошукаў бясплатных падзей на Facebook. Заяўку на валанцёрства падаў адразу ж, але патрапіць у каманду змог толькі пасля асабістага знаёмства з адной з каардынатарак. Лічыць, што любыя погляды маюць месца быць. Задача чалавека прыняць той факт, што кожны мае права на сваё меркаванне, і да гэтага меркавання трэба ставіцца з павагай.

Дар’я Лебедзева
Сакратарка Праўлення, каардынатар валанцёрскай каманды, арганізуе майстэрні Форум-Тэатра
Прыйшла ў каманду ў 2016, спантанна для сябе, бо нічога не ведала пра фармат. Спачатку дапамагала як тэхнічныя валанцёрка, але занадта ўцягнулася і палюбіла Жывыя Бібліятэкі ды й увогуле моладзевы актывізм. Вельмі натхняюць новыя людзі і іх гісторыі, вопыт жыцця і вандровак. Лічыць, што ў сучаснай беларускай моладзі ёсць значна больш магчымасцей, чым яна бачаць і хоча пабачыць. Верыць у тое, што не існуе дрэнных людзей. Не ўяўляе сваё жыццё без матэматыкі, музыкі і кніг. Жывая Бібліятэка навучыла не баяцца людзей і размаўляць з імі.

Ганна Марзан
Чаліня Праўлення, каардынуе фармат Жывой Бібліятэкі ў Мінску
Прыйшла ў каманду ў жніўні 2015 года. Пачынала як валанцёрка-фатографка, але неўзабаве стала адной з арганізатарак фармата Жывой Бібліятэкі, а потым і каардынатаркай напрамку. Не мае ілюзій наконт таго, што стэрэатыпы знікнуць зусім, але марыць пра тое, каб любы чалавек загадзя не ставіўся негатыўна да Іншых, адрозных ад яго людзей. Прымае Іншых не па колеры скуры, веравызнанні, сэксуальнай арыентацыі, прафесіі, гендару і ўзросце, а паводле іх учынкаў. Лічыць, што ў любой сітуацыі трэба заставацца Чалавекам. Любіць падарожнічаць, хадзіць у паходы, чытаць, пазнаваць і спрабаваць новае, фатаграфаваць.

Любоў Ланіна
Чаліня Праўлення, каардынатарка SMM&PR і рэгіянальных каманд, арганізуе майстэрні Форум-Тэатра, вядзе старонку Instagram, адміністратарка
Таксама студэнтка і аматарка танцаў. Але ўжо не ўяўляе сваё жыццё без грамадскага сектара і Жывой Бібліятэкі. У камандзе з 2017 па закліку сэрца. З 2015 наведвала мерапрыемствы і сачыла за дзейнасцю каманды. Тое, што рабілі бібліятэкары і бібліятэкаркі, натхняла яе і заўсёды пакідала пазітыўнае ўражанне. Ёй адгукаецца ідэя абароны правоў чалавека і барацьбы з дыскрымінацыяй, а таксама развіццё камунікацыі ў грамадстве. Марыць, каб паміж людзьмі было больш разумення, прыняцця і ўзаемапавагі.

Цукарок
Прыхільніца, каардынатарка валанцёрскай каманды, адміністратарка
Патрапіла на Жывую Бібліятэку ў святочны час – на другі дзень народзінаў ЖБ і адразу ж закахалася ў ідэю. Штуршком далучэння да каманды было пачуццё справядлівасці да непрыняцця адрозных кропак гледжання і поглядаў на жыццё, праявы дыскрымінацыі. Далейшая праца ў арганізацыі запоўнілася тым, што каманда заўсёды на шляху развіцця сябе і сваёй працы.
Зараз больш за тры гады, як Цукарок у камандзе, і як і раней хоча быць у камандзе і працягвае працаваць без выгарання.

Лара Якушэвіч
Прыхільніца, камунікатарка, праводзіць ЛАРПы
Сваё знаёмства з арганізацыяй пачала не з самога фармату Жывой Бібліятэкі, а з удзелу ў сацыяльнай гульне “Іншы Погляд”. Тады і зразумела, як цікава і важна казаць аб сацыяльна вострых тэмах ў грамадстве рознымі спосабамі і фарматамі. Кажа, што для яе самой чытаць Кнігі ў фармаце ЖБ можа быць нават лепш, чым звычайныя. Па спецыяльнасці псіхалагіня. Без памяці і з натхненнем закахана ў танцы, піцу і падарожжа. Лічыць, што складанае можна тлумачыцца простымі словамі, і гэта асноўнае ў паспяховай арганізацыі і камунікацыі, а таксама павага да Чалавека і яго вопыту. Не на жарт эмпатыйная. Марыць аб тым, каб кожны Чалавек ведаў, як яму камфортна ці не, не баяўся быць сапраўдным і не сумняваўся ў тым, што яго жыццё неацэнна.

Воля Вунцэвіч
Прыхільніца, камунікатарка, вядзе Тэлеграм-канал, адміністратарка
Далучылася да каманды ў 2019 i знайшла свой сэнс. Апынулася, што асабiстыя каштоўнасцi поўнасцю супадаюць з каштоўнасцямi i мэтамi “Жывой Бiблiятэкi”. Марыць жыць у грамадствe, дзе людзi прымаюць адзiн аднаго i дазваляюць кожнаму быць сабой. Хоча лётаць на параплане i танчыць на джазавых вечарынах у Новым Арлеане. Прыцягвае Партугалiя. Любiць розныя спартыўныя актыўнасцi, задаваць пытаннi i коцiкаў.

Вольга Шанчук
Прыхільніца, камунікатарка, офіс-менеджэрка
У жыцці любіць што-небудзь арганізоўваць, чытаць, шыць, вязаць. У Жывую Бібліятэку прыйшла з наборам валанцёраў улетку 2019, пасля таго, як аднойчы пабывала Чытачкай. Стала Прыхільніцай, таму што думае, што можа зрабіць яшчэ больш цікавага, у тым ліку і для самой каманды. Спадзяецца сваімі ўчынкамі і дзейнасцю рабіць усіх вакол неабыякавымі да праблем і жыцця іншых людзей і навакольнага свету. Верыць, што часам выратаваць чалавека дапамагае простая неабыякавасць і ўдзел.

Марыя Буйніцкая
Прыхільніца, фатографка, арганізуе майстэрні Форум-Тэатра
Пра Жывую Бібліятэку даведалася ў 2018 годзе, але да снежня 2019 так і не патрапіла ні на адно мерапрыемства. Магчыма, так хацеў Сусвет! Пасля Жывой Бібліятэкі ў Мінску спантанна падала заяўку на валанцёрства, і ёй супер хутка адказала Даша. З гэтага чалавечка і пачалася яе любоў да Жывой Бібліятэцы, такой роднай і такой ўтульнай! Зараз яна ўжо Прыхільніца арганізацыі, дапамагае арганізоўваць форум-тэатры. Акрамя гэтага яна студэнтка, вучыцца на факультэце міжнародных адносін, фатаграфуе, множка любіць правы чалавека і трошкі не любіць стэрэатыпы, якія існуюць у гэтым свеце. Калі яе просяць распавесці пра сябе, то яна заўсёды прызнаецца ў любві да людзей, да блінцоў з Дэпо, да жоўтага колеру і да фатаграфій, знятым на инстакс.

Валанцёры і валанцёркі

Эля: Валанцёрка

Анастасія: SMM, Рассылка

Элла: Валанцёрка

Ігар: Дапамагае з мерапрыемствамі

Юрый: Фатограф

Крысціна: Камунікатарка

Ліза: Валанцёрка

Марыя: Камунікатар

Воля: Валанцёрка

Саша: Дызайнерка

Света: Вядзе старонку ў Facebook