Дзейнічаць інклюзіўна — проста! - Цэнтр "Жывая Бібліятэка"
Інклюзія

Дзейнічаць інклюзіўна — проста!

Дзейнічаць інклюзіўна — проста

У кастрычніку адбыўся выпускны адукацыйнага курса ALL Inclusive, на якім удзельнікі і ўдзельніцы падзяліліся сваімі поспехамі ў рэалізацыі праектаў. Як прайшоў выпускны і якія ідэі былі прадстаўлены на ім, можна пачытаць у артыкуле альбо паглядзець у відэа з выпускнога.

Цяпер жа распавядзем падрабязней, што натхніла актывістаў і актывістак на ўдзел у адукацыйным курсе і як праходзіла сама праца над рэалізацыяй праектаў.

“Сямейныя майстар-класы для дзяцей з асаблівасцямі развіцця і іх бацькоў” (Сяргей Кальцоў і Аляксандр Сямёнаў)

Сяргей Кальцоў і ягоны калега Аляксандр Сямёнаў рэалізоўвалі праект “Сямейныя майстар-класы для дзяцей з асаблівасцямі развіцця і іх бацькоў”. Абодва актывісты з’яўляюцца прадстаўнікамі ўстановы “Майстэрня ўстойлівых зменаў”, якая працуе ў г. Мсціслаўлі, і таму на сваім вопыце ведаюць пра тыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца асаблівыя дзеці.

У межах праекта было праведзена 6 майстар-класаў, дзе дзеці рознага ўзросту змаглі асвоіць розныя тэхнікі малявання і вырабу сувеніраў, а таксама навучыліся шыць экаторбачкі.

З найбольшымі цяжкасцямі, па словах Сяргея Кальцова, сутыкнуліся на пачатку праекту: не ўсе бацькі выказалі зацікаўленасць да новай ініцыятывы, але пасля сумесных сустрэч і абмеркаванняў удалося паразумецца і наладзіць устойлівы кантакт. Майстар-класы прыйшліся даспадобы як дзецям, так і бацькам, таму ўдзельнікі з удзельніцамі і арганізатары вырашылі працягнуць ініцыятыву, але ўжо па-за межамі курсу.

Праект таксама актыўна падтрымалі супрацоўнікі Цэнтра карэкцыі Мсціслаўскага раёна. Што, вядома, натхніла Сяргея і Аляксандра на далейшую працу з асаблівымі дзецьмі. Ужо распрацаваны праект на тэму інклюзіўнай інтэрактыўнай адукацыі ва ўстановах Мсціслаўскага раёна.

“Арт-інклюзія#Перазагрузка” (Алеся Канцыял)

Дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця быў прысвечаны яшчэ адзін праект, які рэалізавала Алеся Канцыял з Наваполацку. “Арт-інклюзія#Перазагрузка” – праект, накіраваны на дапамогу педагогам дадатковай адукацыі, якія працуюць з асаблівымі дзецьмі розных узростаў. Мэта праекта – аб’яднаць педагогаў, метадыстаў і ўсіх тых, хто спрычыняецца да арганізацыі дадатковай адукацыі ў Наваполацку, сфармаваць сістэму агульных і спецыяльных ведаў для рэалізацыі інклюзіўнага падыхода ў сістэме дадатковай адукацыі.

У межах праекта было праведзена 4 адукацыйныя мерапрыемствы і агульнае анкетаванне ўдзельнікаў і ўдзельніц, якое паказала, што педагогі станоўча ставяцца да ідэі ўключэння дзяцей з асаблівымі патрэбамі ў адукацыйны працэс. Таксама яны аднагалосна адзначылі, што інклюзія – найлепшы шлях індывідуалізацыі ў адукацыі.

Артыкул у мясцовым СМІ пра праект “Арт-інклюзія#Перазагрузка”

Алеся працягвае сваю дзейнасць у гэтым кірунку і рыхтуе новы праект, які мае на мэце арганізацыю інклюзіўных летніх змен у лагеры адпачынку для 280 дзяцей.

“Ацэнка патрэбаў” (Ксенія Чыгладзэ)

Таксама на дзяцей, што маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, быў накіраваны яшчэ адзін праект. Ксенія Чыгладзэ праз праект “Ацэнка патрэбаў” прыцягнула ўвагу Міністэрства спорту і турызму да праблемы сацыялізацыі асаблівых дзяцей праз спорт.

Напачатку задумай Ксеніі было правядзенне фестывалю інклюзіўнага спорту ў Баранавічах, дзе жыве каля 500 сямей, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (АПФР). Паразважаўшы, Ксенія прыйшла да выніку, што спачатку трэба наладзіць кантакт з такімі сем’ямі, зразумець іх патрэбы, выслухаць пажаданні. Таму мэта праекта змянілася: Ксенія вырашыла правесці анкетаванне ўсіх зацікаўленых гэтай тэмай сямей, а таксама падшукаць трэнераў, якія былі б згодныя браць удзел у фізічным выхаванні дзяцей з асаблівасцямі. З прычыны распаўсюджвання каранавіруса анкетаванне не атрымала маштабу, які планаваўся першапачаткова. Тым не менш, у анкетаванні прынялі ўдзел 34 сям’і і 30 трэнераў, 10 з якіх адразу выказалі жаданне займацца з дзецьмі з АПФР. Такім чынам, Ксеніі ўдалося не толькі закрануць гэтую тэму на рэспубліканскім узроўні, але і вывесці на новы ўзровень у межах раёну.

“Шчучынскія зялёныя дазорныя” (Алена Майсюк)

Алена Майсюк рыхтавала праект “Шчучынскія зялёныя дазорныя”, які аб’яднаў розныя інтарэсы самой Алены. Так, да працы над праектам далучыліся школьнікі адной са шчучынскіх школ і абмяркоўвалі спосабы вырашэння экалагічных праблем на мясцовым узроўні. Пандэмія, на жаль, стала перашкодай для ўдзела школьнікаў у праекце. Але Алена змагла знайсці альтэрнатыўны спосаб узаемадзеяння з маладой аўдыторыяй – цяпер актывістка з’яўляецца аўтаркай уласнай рубрыкі ў раённай газэце “Слова жыцця”, дзе працягвае асветніцка-экалагічную тэматыку.

Нягледзячы на “вірусныя” складанасці, Алена задаволеная сваёй працай: ёй удалося прыцягнуць новых людзей да праблем, якія хвалююць яе асабіста, а таксама пашырыць свой уласны досвед супрацы і быць карыснай.

“Дзеці без цэтлікаў” (Ганна Бяляева і Юлія Мажэй)

Ганна Бяляева і Юлія Мажэй прасоўвалі ідэі талерантнасці да маладых бацькоў праз праект “Дзеці без цэтлікаў” і выбралі просты, але дзейсны спосаб: у межах праекта быў распрацаваны стыкерпак для мэсэнджараў і надрукаваны тыраж налепак, які потым распаўсюдзіўся па кавярнях горада. Ганна (якая сама з’яўляецца маладой мамай) і Юля хацелі найбольш звярнуцца да моладзі, якая не мае яшчэ сваіх дзяцей. Улічваючы папулярнасць, якую набылі стыкеры, можна смела сказаць, што дзяўчатам задума ўдалася.

Стыкеры, распрацаваныя ў межах праекта “Дзеці без цэтлікаў”

Спампаваць стыкеры можна тут: па-руску для Telegram і Viber, а таксама па-беларуску для Telegram і Viber.

Ганна працягне супрацу з Цэнтрам “Жывая Бібліятэка” на тэму бацькоўства, але гэтым разам у разрэзе даследавання kids-friendly прастораў. Разам з “Жывой Бібліятэкай” Ганна падрыхтавала кароткае адукацыйнае відэа “Што такое kids-friendly прасторы?”.

Таксама актывістка мае свой уласны праект “Гадаваць здароўе”, які накіраваны на паляпшэнне ўмоў медычнага абслугоўвання немаўлят і іх бацькоў. Але з-за пандэміі каранавіруса праект часова прыпынены. Ганна плануе вярнуцца да яго рэалізацыі, як толькі палепшыцца эпідэміялагічная сітуацыя.

“Кава па-за ўзростам” (Аксана Барысевіч)

Яшчэ адна ініцыятыва, якая закранула кавярні Мінска, была арганізаваная Аксанай Барысевіч у межах ініцыятывы “Кава па-за ўзростам”. Аксана, з яе словаў, доўга выношвала ідэю, на якую яе як прадстаўніцу Універсітэта трэцяга ўзросту натхнілі агульныя сустрэчы са студэнтамі і студэнткамі ў грамадскіх месцах. Актывістка паставіла сабе за мэту паказаць людзям элегантнага веку, што кавярні даступныя для кожнага ўзросту і што гэта цудоўны спосаб бавіць вольны час. Так, у межах праекта былі выпрацаваны крытэрыі прыязнасці кавярняў да людзей старэйшага ўзросту і праведзены маніторынг 25 кавярняў па гэтым крытэрыям. На мапе «прыязных» кавярняў з’явілася 15 кропак, якія будуць радыя бачыць сярод сваіх гасцей людзей сталага веку.

Акцыя ў кавярні, што супрацоўнічала з праектам “Кава па-за ўзростам”

У бліжэйшых планах у Аксаны — правядзенне напярэдадні Новага году чарговай акцыі “Падвешаная кава”. Сэнс акцыі ў тым, што кожны наведвальнік і кожная наведвальніца кавярні можа аплаціць кубачак кавы ці гарбаты для гасцей старэйшага веку. Так, на папярэдняй акцыі, што праходзіла непасрэдна ў межах праекту, было сабрана сродкаў на 40 кубачкаў кавы і 2 кубкі гарбаты для пачастунку людзей сталага веку. Аксана лічыць гэта цудоўным вынікам, бо рэалізацыя праекта прыпала на час пандэміі.

***

Рэалізацыя праектаў выпала на складаны час эпідэміі, але, нягледзячы на цяжкасці, ініцыятывы былі паспяхова завершаныя. Усе ўдзельнікі і ўдзельніцы шчыра ўдзячныя Цэнтру “Жывая Бібліятэка” за кваліфікаваную падтрымку і за цудоўную магчымасць вывесці праекты на шырокі грамадскі ўзровень.

Курс адбыўся ў межах ініцыятывы ALL Inclusive, якую рэалізуе Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка» у партнёрстве з Офісам еўрапейскай экспертызы і камунікацый і анлайн-часопісам CityDog.by.

Тэкст: Юстына
Фота: галоўнае фота – Юрый Струкаў, уласныя фота ўдзельнікаў і ўдзельніц курса

Падпісацца на навіныПадтрымацьВаланцёрства
Глядзіце таксама
ІнклюзіяНавіны

Почему общественность принимает минимальное участие в общественных обсуждениях: результаты опроса

Адукацыя

(Не)удобная: что такое ассертивность и как отстаивать свои права и границы правильно

Адукацыя

“Іншы погляд” на стэрэатыпы

Навіны

Мы далучыліся да кампаніі супраць смяротнага пакарання