У актывізме важна знайсці аднадумцаў - Цэнтр "Жывая Бібліятэка"
RegiON

Галоўнае ў актывізме – знайсці аднадумцаў

Галоўнае ў актывізме – знайсці аднадумцаў

Пра свой досвед актывізму і тое, як знайсці аднадумцаў, выданню “Рэгіянальная газета” расказала сябра каардынацыйнай рады моладзевай арганізацыі NSNL (Next Stop – New Life), куратар экалагічнага напрамку і чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй Ганна Сафонава.

Актыўнасць з дзяцінства

У дзяцінстве Ганны піянеры з камсамолам сышлі ў гісторыю, а іншыя арганізацыі яшчэ толькі пачыналі развівацца. Але жыццё ў прыватным сектары Ліды было насычанае падзеямі жыццёва-бытавымі, таму актыўнасці хапала.

У падлеткавым узросце і пасля Ганна актыўна займалася адукацыяй – ліцэй з фізіка-матэматычным ухілам, універсітэт па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве», магістратура і паралельна праца. Ганна скончыла музычную школу, займалася шашкамі, танцамі, удзельнічала ў алімпіядах, інтэлектуальных конкурсах.

Магчыма, у гэтым рэалізоўвала імкненне быць актыўнай. Ужо ў магістратуры была спроба пасябраваць з адной з грамадскіх арганізацый, але не склалася.

У новым горадзе

У 2015 годзе жанчына пераехала на радзіму мужа Дзмітрыя ў Маладзечна і была ў стане глыбокага дэкрэтнага адпачынку.

Новы горад, нуль знаёмых, прывязанасць да пэўнага распарадку дня – усё гэта прыводзіла ў роспач. Таму для сябе паставіла дзве задачы: знайсці блізкіх па духу сяброў і палюбіць горад, у якім жыве.

Сяброў сустрэла ў адукацыйным цэнтры «Адкрытая прастора», а першая спроба ў актывізме адбылася на першым гарадскім фестывалі «Прышчэпка» ў 2018 годзе. Там дапамагала ў арганізацыі кірмашу рамеснікаў і майстар-класаў.

З некаторымі будучымі калегамі па NSNL пазнаёмілася якраз у той перыяд: на сустрэчах, арганізацыі «Прышчэпкі». Але тады яшчэ і не думала, што знаёмства прывядзе да нечага большага. Ключавым момантам стаў удзел у праекце «Вуліца стрытфуда», калі актывісты ўсе разам стваралі крэатыўную прастору на тэрыторыі міні-рынку. Менавіта тады Ганна афіцыйна стала членам моладзевай арганізацыі NSNL.

Ганна Сафонава. Фота Таццяны Сафонавай.

Як знайсці нішу

Каля года Ганна дапамагала рэалізоўваць розныя мерапрыемствы і праекты каманды NSNL па розных напрамках: ад урбаністыкі да інклюзіі. Вельмі дапамагалі разабрацца ў сабе рэфлексіі па выніках працы.

Так жанчына зразумела, што не хапае той самай сваёй нішы, у якой змагла б рэалізавацца як эксперт.

Тэма рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, беражлівых адносін да прыроды і пазітыўнага ўзаемадзеяння заўсёды была блізкая.

А калі бліжэй пазнаёмілася з інструментамі і магчымасцямі актывізму і партнёрства ў цэлым, выбар стаў відавочны. Так стала паралельна вывучаць досвед іншых і займацца развіццём экалагічнага напрамку ў арганізацыі.

Асаблівасці ў рэгіёне

– Быць актыўным у рэгіёне і прасцей, і складаней адначасова, – лічыць Ганна Сафонава. – Складаней – таму што ў рэгіёнах можа не так добра развітыя інфраструктуры, павольна даходзяць інавацыі, складана перамагчы кансерватызм у поглядах. І прасцей – таму што ў невялікіх гарадах, мястэчках людзі адзін аднаго ведаюць значна лепш, чым у вялікіх гарадах.

І гэты аргумент пераважвае ўсе астатнія, бо ў актывізме самае галоўнае – знайсці аднадумцаў, знайсці сваю каманду.

У камандзе NSNL нават не ішла гаворка пра тое, каб прыпыніць дзейнасць на час пандэміі. Гаворка ішла толькі пра тое, як найбольш эфектыўна перавесці працу ў анлайн рэжым. Уцягнуліся даволі хутка, усе сустрэчы, абмеркаванні і мерапрыемствы перайшлі ў лічбавы фармат. Праца ішла як у напрамку наладжвання ўнутранай дзейнасці арганізацыі, так і правядзення мерапрыемстваў анлайн. Многія паспяхова выкарыстоўвалі гэты час для дадатковай адукацыі, павышэння кампетэнцый і лідарскіх якасцяў.

– Для мяне актывізм – гэта лад жыцця, які дае вялізныя магчымасці рабіць свет вакол лепшым, – дзеліцца маладзечанка.

Гэта мой спосаб выказваць сваю падзяку гораду, у якім жыву, і людзям, якія са мной побач. І мая мэта – дапамагчы стаць актыўным як мага большай колькасці людзей.

Навічкам у актывізме Ганна раіць шукаць таго, хто ўжо нешта змяніў, і спытаць, як гэта атрымалася. Атрымалася ў яго – атрымаецца і ў цябе. А каб доўга не шукаць, пазнаёмцеся ​​з маладзечанскай камандай NSNL бліжэй. Тут абавязкова знойдуцца людзі, гатовыя дапамагчы рэалізаваць нават самыя крэатыўныя змены. Бо гэта місія актывістаў – аб’ядноўваць людзей і змяняць свет да лепшага.

Тэкст: Зоя Хруцкая
Фота: Таццяна Сафонава

Артыкул створаны ў межах праекта RegiON (уключаючы рэгіён), які ў Маладзечне рэалізуецца моладзевай арганізацыяй NSNLкамандай «Жывой Бібліятэкі» Маладзечна і Цэнтрам развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка» ў партнёрстве з Міжнароднай некамерцыйнай арганізацыяй Pact пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).

Падпісацца на навіныПадтрымацьВаланцёрства
Глядзіце таксама
RegiON

"Волонтерство как стиль жизни"

RegiON

Актывізм – гэта змяняць свет вакол да лепшага

RegiONКнігі

Бобруйчанин – о том, как живётся белорусским студентам

Кнігі

Актывізм і ўнутранае лібертарыянцтва