Жывая Бібліятэка – гэта фармат, з якога пачалася наша арганізацыя і які зараз адбываецца ў Мінску 3-4 разоў на год, а рэгіянальныя каманды робяць яго ад 2 да 8 раз на год.

Жывая Бібліятэка – гэта незвычайная бібліятэка. Тут замест звыклых нам кніг выступаюць жывыя людзі са сваімі гісторыямі, якія гатовы адказваць на любыя пытанні.

“Кніга” – гэта жывы чалавек, які мае пэўную ідэнтычнасць, рэдкую прафесію, унікальны досвед, нязвыклы для “большасці” лад жыцця альбо светапогляды.

Працуе Жывая Бібліятэка гэтак жа, як і звычайная: “Чытачы” і “Чытачкі” прыходзяць, атрымліваюць “Картку Чытача_кі”, выбіраюць “Кнігу”, запісваюцца і чытаюць яе на працягу 20-30 хвілін. У якасці Жывых Кніг прымаюць удзел ад 5 да 30 чалавек, якія сутыкаюцца са стэрэатыпамі, дыскрымінацыяй, неразуменнем у грамадстве, якія дзеляцца сваімі асабістымі гісторыямі.

Жывая Бібліятэка можа быць карысная вам, калі вы хочаце:

  • Абмеркаваць стэрэатыпы і пазбавіцца ад забабонаў у адносінах да іншых людзей;
  • Задаць пытанні людзям з пэўных сацыяльных груп або прафесій, даведацца аб іх жыццёвым досведзе, пачуццях і праблемах, з якімі яны сутыкаюцца ў грамадстве;
  • Лепш зразумець вашых сваякоў, сяброў, калег па працы, з якімі вас падзяляюць якія-небудзь адрозненні.

З відэа ад праекта “Апантаныя” ад Tut.by можна больш даведацца пра тое, як адбываецца само мерапрыемства:

Жывыя Бібліятэкі дапамагаюць не толькі Чытачам і Чытачкам даведацца пра Іншага, але і самім “Жывым Кнігам”. Яны трапляюць у прастору, дзе іх хочуць пачуць і паспрабаваць зразумець. Багата хто з Кніг кажа, што гэтыя мерапрыемствы натхняюць іх і дазваляюць паглядзець на сваё жыццё па-іншаму.

На наш погляд, фармат Жывой Бібліятэкі вельмі важны для нашага грамадства. Яна падыходзіць для развіцця культуры дыялогу ў грамадстве і павышае ўзровень даверу людзей адзін да аднаго. У нас існуе стэрэатып пра тое, што наша грамадства вельмі талерантнае. Але, як паказвае практыка і розныя даследаванні, гэта далёка не так. Людзі дазваляюць сабе не толькі крыўдныя выказванні, але часам нават агрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да прадстаўнікоў і прадстаўніц некаторых сацыяльных груп. Праз размову з “Жывымі Кнігамі” людзі даведваюцца больш пра іх лад жыцця і светапогляды і праз гэта змяняюць альбо ставяць пад сумнеў сваё стаўленне да Іншых.

Калі вас цікавіць такі фармат размоваў у маленькіх колах, але вы хочаце прысвяціць мерапрыемства адной тэме, то вам то вам падыдзе фармат” Шчырыя размовы”, пра які можна пачытаць тут.

Калі вы хочаце далучыцца да Жывой Бібліятэкі ў якасці Кнігі, то можаце пачытаць пра гэта болей і запоўніць заяўку тут.

Калі вы хочаце арганізаваць Жывую Бібліятэку, вы можаце знайсці падрабязнасці арганізацыі мерапрыемства і яго правілы ў нашым дапаможніку ці звязацца з намі праз пошту human.library.belarus@gmail.com. Мы заўжды рады новым арганізатарам і арганізатаркам фармату!

А таксама мы робім:

Нашы Жывыя Кнігі: