(Ня)простыя гісторыі пра тое, як быць кнігай

Што адбываецца, калі ты распавядаеш сваю гісторыю незнаёмцу? А што адбываецца пасля? Як зразумець, што ты здольны стаць кнігай? І ці варта гэта рабіць? Жывыя кнігі ў размове для Жывой Бібліятэкі.

“Кнігі адкажуць на любыя вашы пытанні”. І мы распытваем, у залежнасці ад абставінаў, пра індэнтычнасць, досвед, прафесію, светапогляд – пра ўсё тое, што неяк адрознівае “яго/яе ад мяне”, ідэнтыфікуе пэўную асабістасць. Але наколькі далёка мы заходзім у сваіх пытаннях? І наколькі проста даць на гэтыя пытанні шчыры адказ, калі перад табой незнаёмец? Наогул што значыць быць Кнігай, а па-простаму – “тэмай”, калі ты чалавек.

Мы паразмаўлялі з некалькімі Жывымі кнігамі, каб зразумець, што адбываецца ўнутры чалавека, які звонку з’яўляецца носьбітам нейкай “вокладкі”.

Гісторыя Тані.
“…Але пасля ў мяне атрымалася адшукаць адказ”

Першапачаткова ў Жывую Бібліятэку я пыйшла, каб распавесці пра працу рэдактаркі 34mag.net. Я пагадзілася ўдзельнічаць, бо хацела атрымаць новыя адчуванні, падзяліцца сваімі інтарэсамі, патрэніравацца ў аратарскім майстэрстве. Сустрэчы прайшлі даволі нядрэнна, у мяне было некалькі сесій і дастаткова вялікая колькасць слухачоў. Пасля першай бібліятэкі мяне паклікалі зноў, але на той момант я зразумела, што ёсць больш важная тэма, пра якую варта гаварыць, – мой вопыт у псіхатэрапіі.

Я адразу папярэджвала слухачоў, што яны могуць задаваць абсалютна любыя пытанні, але калі раптам мне будзе няёмка – скажу. Я чалавек, які можа казаць аб усім, таму сітуацый з ухіленнем або адмовай адказваць так і не паўстала. Для мяне сам фармат Жывой Бібліятэкі прадугледжвае абсалютную сумленнасць, інакш навошта наогул усё гэта? Таму там ніколі не хлусіла, чым ганаруся: ведаеце, няпроста распавядаць людзям, якіх бачыш упершыню, пра свае суіцыдальныя думкі і булімію.

Не тое каб я адчувала сабе прапаведніцай, але разумею, што многім адкрываю вочы на нешта новае альбо на рэчы, якія спяць глыбока ў іх. Часта людзі былі ўдзячныя, што я дзялілася такімі глыбокімі і часта балючымі перажываннямі, бо гэта давала ім магчымасць даведацца, што яны не самотныя, што яны не адны.

Напрыклад, адна дзяўчына заплакала, калі пачула мой расповед пра праблемы з бацькамі, потым аказалася, што яна адчувае нешта падобнае. Гэта было кранальна. Здарэнне паказала – мне ўдалося стварыць атмасферу даверу і бяспекі.

Была і іншая сітуацыя, у мяне спыталі: “Навошта вы працягваеце хадзіць на псіхатэрапію, калі праз столькі гадоў у вас яшчэ шмат пытанняў? Які сэнс? Ну так, вам дапамагае, але ж не цалкам”. Я крыху разгубілася, але пасля ў мяне атрымалася адшукаць адказ: нічога не адбываецца хутка, і калі шмат гадоў насіць штосьці ў сабе, гэта немагчыма выкінуць, вырашыць, забыцца за пару гадоў.

Яшчэ быў хлопец, якога я б назвала “Тамашам няверуючым”, ён ставіў пад сумнеў усе мае словы, чым вымушаў ісці глыбей у пошуках адказаў і нават спрачацца з ім. У канцы мы абодва засталіся задаволеныя: я змагла больш дакладна сканструяваць думкі і пераканаць яго, а ён змог з іншага боку паглядзець на з’явы псіхатэрапіі.

Пасля таго як я змагла адкрыцца вялікай аўдыторыі, мне стала прасцей казаць пра тое, што са мной адбываецца. Мне стала не так сорамна заяўляць аб сваёй дэпрэсіі, я стала менш баяцца асуджэння і неразумення.

Я не шкадую аб тым, што пагадзілася ўдзельнічаць, і кожны раз пасля сесій разумела, што раблю ўсё правільна. Для мяне вельмі важна казаць пра ментальнае здароўе, аб стэрэатыпах вакол псіхічных разладаў, аб сабе ў гэтай тэме. І бібліятэка дае такую магчымасць.

Гісторыя Волі.
“…Людзі звяртаюцца да нас не ад добрага лёсу”

Тэма маёй кнігі – валанцёр Беларускага Чырвонага Крыжа.

Наогул мне падабаецца распавядаць людзям пра Чырвоны Крыж, бо не ўсе ведаюць, што гэта, не зусім разумеюць, якую справу мы робім. Скажу шчыра, час ад часу было цяжка ўзгадваць некаторыя моманты з працы, прыходзілася ўнутрана перажываць іх наноў. А гэта няпроста – людзі ж звяртаюцца да нас не ад добрага лёсу. Калісьці, натуральна, хацелася плакаць, а часам, наадварот, з’яўлялася нейкае натхненне.

Гэта ж такі імправізаваны паход да псіхатэрапеўта. Ты гаворыш – цябе слухаюць.

Да мяне не прыходзіла шмат чытачоў. Мяркую, людзі падчас бібліятэкі не зусім разумелі, навошта “я тут”, чытачы чакалі “смажаных” тэм. Гэта я пра тое, што ў мяне былі вольныя месцы, а, напрыклад, на кнігах пра арыентацыю – не. Але, трэба таксама адзначыць, на адной з бібліятэк мы сабралі дзіцячыя канцтавары для Чырвонага Крыжа – было вельмі прыемна зразумець, што людзі адгукнуліся на маю прапанову дапамагчы. Разам з тым, на жаль, усе, хто абяцаў прыйсці валанцёрам, больш не з’явіліся.

Гісторыя Сашы.
“…Убачыць сапраўдных людзей”

Быць кнігай класна, ды і сам праект цудоўны. Жывая Бібліятэка дазваляе ўдзельнікам убачыць за складзенымі лэйбламі і стэрэатыпамі сапраўдных людзей, зразумець іх. Але цяжка сказаць, што перажыты вопыт важны для мяне, хутчэй, я бачу ў ім нейкую агульначалавечую каштоўнасць, да якой маю дачыненне. Мне як прадстаўніку чайлдфры, наадварот, часам было няпроста кожны раз адказваць на пытанні, але я намагалася ўсё роўна быць адкрытай і шчырай, хаця, безумоўна, магла і не распавядаць нейкія супер-інтымныя дэталі. Спадзяюся, гэтага не ўбачылі астатнія, бо не хочацца, каб склалася падманлівае меркаванне, што я неяк саромеюся сябе альбо сваёй асабістасці.
Трэба адзначыць, што сам працэс размовы з незнаёмцамі жудасна вымотвае, пры гэтым калі ты распавядаеш даволі асабістыя рэчы. У першы вечар пасля бібліятэкі я заўсёды вельмі стомленая, але, як і пасля любой справы, якую ты лічыш патрэбнай, гэта прыемная стома, такое пачуццё выкананага доўгу.

Быў момант, калі я як чайлдфры адчувала сабе ненармальнай, мне прыходзілася шукаць інфармацыю ў інтэрнэце на дадзеную тэму, неяк асэнсоўваць сваю асабістасць, адаптавацца да выжывання ў нашым свеце. І зараз добра тое, што я магу працягнуць распачаты ланцужок, падзяліцца вопытам, дапамагчы камусьці. Трэба зразумець, што я не намагалася даказаць штосьці, я жадала паказаць сваю карціну свету, якая ўключае гэты элемент. Спрачацца, як я мяркую, – глупства.

Бібліятэка – гэта ў любым выпадку займальна і карысна.


Я ніколі не быў кнігай. Толькі чытачом.

Пасярод невялічкай залы мы пераходзілі ад аднаго кола крэслаў да другога, з кожным разам усё болей не зважаючы на агучаную “тэму” сапраўднай і жывой асобы, а ў галаве былі толькі новыя пытанні, таямнічыя намаганні зачапіць, адшукаць слабое месца “хлусні” – “Выдумляеш! Табе мяне не падмануць”. Сарамліва-салодкае адчуванне (у якім зараз цяжка прызнацца, але што хаваць) свабоды: калі яшчэ ты зможаш вось так, наўпрост атрымаць адказ. Карыстайся. Вабіўся ў гульню не толькі з кнігай, але і з групай, штосьці пра “хто каго”, далей па спісе. І толькі пасля, у нейкі момант, раптам, як маланкай, да цябе даносіцца Голас, менавіта той, які зносіць жарты, а ты зразумеў яго – усё не проста так. І сорамна, невыносна сорамна за тых, хто застаўся за спінай, прабачце, я звычайны – слабы, я чалавек. Час. Новая кніга. Але перад табой ужо людзі. А размаўляць з людзьмі заўсёды цікавей.

Сяргей Шаматульскі

Фота з архіваў гераінь

Падзяліцца:

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

CAPTCHA: *