Жывая Бібліятэка ў Польшчы – гэта 10 год упартай працы, адна з самых вялікіх сетак Бібліятэк Еўропы ды арганізатарка Дора, з якой мы і паразмаўлялі пра праект, які з ідэі пераўтварыўся ў справу жыцця.

Хто: Дора Маладыньска-Кюнтцэль (Dora Mołodyńska-Küntzel), заснавальніца Жывой Бібліятэкі ў Польшчы, актывістка, адказная за падрыхтоўку новых арганізатараў Жывой Бібліятэкі ў Еўропе і Паўночнай Афрыцы.

Пачатак

Даўным-даўно я працавала трэнеркай для розных польскіх НДА, актыўна займалася моладзевым рухам і, зразумела, наведвала шмат мерапрыемстваў па працы. Падчас кампаніі Рады Еўропы “Усе розныя – усе роўныя” мне пашчаслівілася даведацца пра канцэпцыю і ідэю Жывой Бібліятэкі. Калі я толькі пачула, што гэта, дык адразу зразумела: «Я жадаю арганізаваць нешта падобнае і на сваёй радзіме». Гэта быў 2006 год, а вось першая варшаўская Жывая Бібліятэка прайшла ўжо ў сакавіку 2007-га, а менавіта цалкам арганізаваная мной – у чэрвені таго ж года. А цяпер 2017-ы – то-бок з праектам я ўжо 10 год!

Першыя бібліятэкі арганізоўваліся з дапамогай Angelus Silesius House – гэта такі моладзевы цэнтр. Але вельмі хутка я, пры падтрымцы вялікага кола валанцёраў, пачала працаваць над усім як прыватная асоба. Толькі ў 2010 мы змаглі зрабіць сваю асабістую асацыяцыю Diversja і да гэтага часу ўсё робім самі практычна тым жа стафам, як і ў 2007. Скажу болей: 10 год з намі і некаторыя Кнігі, не кажучы ўжо пра валанцёраў.

Гісторыя Жывой Бібліятэкі ў Польшчы

Першы час – гэта з 2007 па 2010 гады – польская Жывая Бібліятэка працавала марудна: мы правялі пяць, максімум восем сустрэч, прычым яны былі не надта папулярнымі не толькі сярод наведвальнікаў, але і сярод тых, хто хацеў бы правесці нешта падобнае ў сваім горадзе. Першыя “паслядоўнікі” звярнуліся да нас толькі ва Уроцлаве, калі мы прыязджалі туды са сваёй камандай, але гэта паказвала галоўнае – праект можа быць цікавы не толькі нам, пра яго трэба проста добра распавесці мясцовым актывістам.

Пераглядзеўшы падыход да працы, у 2010 мы арганізавалі “Першы нацыянальны трэнінг” для тых, хто хацеў бы зрабіць Жывую Бібліятэку ў сваёй мясцовасці. Гэта быў выбух! Колькасць Бібліятэк па краіне пачала адразу расці. Але самыя вялікія змены адбыліся пасля вялікага “Форуму арганізатараў Жывой Бібліятэкі” ў 2014-м, калі да нас як да трэнераў і настаўнікаў звярнулася больш за 20 арганізатараў будучай сеткі ЖБ Польшчы.

У 2016–2017 гадах мы правялі ўжо шэраг мерапрыемстваў накіраваных на развіццё ЖБ. Вынік гэтага праекта, які цягнуўся год, – плюс 80 новых арганізатараў і 43 новыя рэгіянальныя ЖБ. Некаторыя з іх зараз ужо не працуюць, але большая частка паспяхова існуе і цяпер.

Такім чынам, пачынаючы з 5-8 Бібліятэк у год, цяпермы робім больш за 10 у месяц. Думаю, я не памылюся, калі скажу, што польская сетка Жывых Бібліятэк самая вялікая ў Еўропе.

Мы – гэта суполка з 40 незалежных арганізатараў ЖБ па ўсей Польшчы, якія падтрымліваюць адно аднаго.

 

Кнігі

Цяпер мне складана ўзгадаць, якія Кнігі былі менавіта на першай Жывой Бібліятэцы (памятаю толькі, што іх было 16), праведзенай у Польшчы. Але тэмы першага года былі прыкладна аднолькавыя: сэксуальныя меньшасці, алкаголікі, кантралёры, бяздомныя. Калі гаварыць пра сённяшні дзень, то бачна, што людзей усё яшчэ цікавяць тэмы сэксуальнаці, напрыклад трансгендары, а таксама людзі з іншым колерам скуры, якія жывуць побач. Але, трэба адзначыць, сёлетні ТОП – сірыйцы і мусульмане.

Самае дзіўнае, што за 10 год працы ў нас ёсць такія тэмы, якія дагэтуль нераскрытыя, не прыходзілі да нас, але мы вельмі намагаемся іх знайсці. Гэта, напрыклад, жанчыны, якія зрабілі аборт, альбо людзі з атлусценнем.

Між тым, мяркую, “тэмы кніг” прыкладна аднолькавыя што ў Польшчы, што ў Беларусі.

Асаблівасці

Жывая Бібліятэка ў Польшчы, як гэта ні было б дзіўна, і зараз успрымаецца як нешта супярэчлівае. Я магу смела казаць гэта, бо працую трэнеркай ЖБ, то-бок чалавекам, які вучыць рабіць такія мерапрыемствы ў Еўропе і Паўночнай Афрыцы, і маю прыклады да параўнання: як адносяцца там, а як тут.

У нас дагэтуль казаць нешта ўслых – гэта быць на мяжы публічнага абмеркавання, станавіцца барацьбітам за нармалёвае жыццё ў грамадстве, а не проста свабодным чалавекам са сваімі поглядамі. Больш за тое, некаторыя тэмы ўсё яшчэ непрымальныя.

Так, мясцовыя ўлады, напрыклад, намагаюцца выключыць пэўныя Кнігі з ЖБ, а гэта форма палітычнага ціску.

Таксама астаюцца і фінансавыя праблемы, ну і пошук саміх “тэм” у мястэчках ды невялікіх гарадах.

Я тут

Чаму я яшчэ тут? Я раблю Жывую Бібліятэку, бо веру ў тое, што разам мы зможам стварыць грамадства, дзе людзі будуць адкрыта глядзець адно аднаму ў вочы і шчыра выказваць свае погляды. Мяркую, што зрабіць гэта магчыма толькі тады, калі мы спынімся ў сваіх абыяквасці і маўчанні.
Акрамя ўсяго, зразумейце, я прысвяціла гэтаму праекту 10 гадоў – ён стаў часткай майго жыцця, і ўсе Кнігі, і ўсе гісторыі – таксама частка майго жыцця цяпер.
Бібліятэка зрабіла мяне больш сціплай, цярпімай, больш глыбокай у разуменні інаша чалавека, навучыла быць чутнай да несправядлівасцей. Паказала мне, як шмат праблем у Польшчы, але, разам з тым, надала неверагодную энергію, волю і настойлівасць.

Ваша Дора.

 

Падрыхтаваў Сяргей Шаматульскі

Фота гераіні і з ФБ Жывой Бібліятэкі ў Польшчы 

Падзяліцца:

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

CAPTCHA: *