Чэрвень – час дыпломаў і, вядома, размеркаванняў. Калі для адных гарантаванае “першае месца працы” – гэта падарунак, то для іншых – праблема. Сістэма, якую Беларусь атрымала ў спадчыну ад Савецкага Саюза, сутыкнула погляды праваабаронцаў, што прылічваюць размеркаванне да парушэння правоў чалавека, і дзяржаву, якая разглядае існуючае становішча як сацыяльную гарантыю для грамадзян. Мы вырашылі не лезці ў спрэчкі, а даведацца пра размеркаванне наўпрост ад таго, хто з ім сутыкнуўся.

Сустракайце – Валерыя Субач, Кніга Жывой Бібліятэкі з няпростай гісторыяй “абавязковага працаўладкавання”.

“Абавязковае працаўладкаванне”

Я навучалася на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, атрымала спецыяльнасць дызайнера прадметна-прасторавага асяроддзя. Адзнакі ў мне былі добрыя, але, як і ўсіх, хто навучаецца на “бясплатным”, мяне нагнала размеркаванне. Безумоўна, тады я намагалася адшукаць сабе месца працы сама, але ўсё затрымлівалася, таму, калі наступіў час размеркавання, не заставалася ніякага шляху, як пайсці туды, куды скажа ўніверсітэт.

           Мой сённяшні кіраўнік прапанаваў уладкавацца да яго: рабіць партрэты на могілкавых помніках.

Тады мяне не спужала, што я буду працаваць з такой спецыфічнай тэмай. Ды і наогул больш уразіла не тое, што мы будзем мець дачыненне да помнікаў, а сама атмасфера прадпрыемства, дзе гэтыя помнікі робяць: камень, пыл, рабочыя – іншы свет, ад якога было крыху вусцішна. Але размяркоўвацца трэба, а існуючы варыянт быў прымальны па заробку – я вырашыла рызыкнуць, такім чынам і патрапіла ў Дзяржынск.

На працы я не выдумляю нейкія новыя помнікі, хоць пару разоў і рабіла эскізы, а толькі малюю партрэты памерлых на іх: пераношу выявы з фотаздымкаў на камень пры дапамозе спецыяльных пруткоў ці станка з лічбава-праграмным кіраваннем (калі машына робіць малюнак па гатовым файле з рэтушаванай на камп’ютары выявы).

Спачатку я не думала пра тых, каго малюю. Мяне больш турбавала думка – як зрабіць гэтую працу лепш. Бо я ж не мела пэўных навыкаў, мы не вывучалі гэтага, таму засяроджвалася больш на працэсе, а не на маральнай частцы.

Так, я малюю тых, каго больш няма, але вельмі эмацыйна мяне закрануў толькі адзін партрэт. Дзесьці ў канцы першага сезона (заўважу, што помнікі ўсталёўваюць з вясны па восень) я рабіла партрэт маладой жанчыны. На фотаздымку, які мне прынеслі, яна трымала дзіця.

Я разумела: калі гэты дзіцёнак стане дарослым і будзе прыходзіць на магілу, то малюнак, які я павінна зрабіць, зробіцца адлюстраваннем таго, як ён будзе бачыць памерлую маму.

Гэта значна турбавала, таму я вельмі старалася і выклалася на ўсе сто.

Але ў асноўным я проста намагаюся не думаць пра людзей, якіх малюю. Проста раблю сваю працу. Наогул я збольшага бачу не памерлых, а той факт, што людзі сыходзяць рана. Гэта падштурхоўвае да разумення, што жыццё – вельмі непрадказальная штука, і ніхто з нас не можа ведаць, калі яно скончыцца.

Напэўна, таму, як бы гэта дзіўна ні гучала, праца накіроўвае мяне ў пазітыў. Раней я магла месяцамі знаходзіцца ў меланхоліі, то цяпер разумею, што ў мяне вельмі мала часу на такое, трэба атрымоўваць асалоду ад жыцця, выціскаць максімум добрага.

Знаходзячыся тут, я, безумоўна, баюся страціць нейкі “скіл”, які атрымала ва ўніверсітэце, таму паралельна падпрацоўваю: ствараю рэкламу, буклеты, упакоўку, раблю візуалізацыю інтэр’ера – але не магу акунуцца ў гэтую справу цалкам, бо асноўная праца забірае амаль увесь час. Кожны дзень я езджу на ровары да прадпрыемства 10 кіламетраў, вытворчасць знаходзіцца ў вёсцы, цэлы дзень тут, пасля зноў 10 кіламетраў да дому – атрымоўваецца, паразмаўляць на нейкія “дызайнерскія” тэмы ці абмеркаваць актуальныя тэндэнцыі проста няма з кім. Прыходзіцца займацца самаадукацыяй. Але, разам з тым, размеркаванне вельмі палепшыла маё разуменне партрэту, анатоміі твару ды адчуванне аб’ёму.

Калі яшчэ пару месяцаў таму я не ведала, хачу застацца на гэтай працы пасля заканчэння тэрміна размеркавання ці не, то зараз разумею, што хачу сысці, бо адчуваю: я перарасла сябе тут. Не магу сказаць, што на мяне неяк уплывае сфера, не, мне падабаецца працаваць з каменем і рабіць партрэты, але трэба рухацца далей.

Што да размеркавання, то, мне падаецца, гэта “мінус” нашай сістэмы адукацыі. Зараз бачу, што я адзіная з групы, хто яшчэ працуе на тым месцы, куды адправіў універсітэт.

Амаль усе змаглі знайсці магчымасць сысці, уцячы, адкасіць, выйсці замуж ці наогул пераразмеркавацца.

Бібліятэка

На Жывую Бібліятэку я патрапіла спачатку як Чытачка, а ўжо пасля адна з арганізатарак запрасіла мяне стаць Кнігай. Тады я вельмі хвалявалася, што буду сядзець адна і да мяне ніхто не падыдзе, турбавалася, што нікому не будзе цікавая мая тэма.

Але ўсе хваляванні былі дарэмнымі: на першай Бібліятэцы, дзе я ўдзельнічала, да майго кола нават падстаўлялі крэслы – так шмат людзей хацелі паслухаць маю гісторыю. Да і Чытачы былі вельмі спагадлівыя і ўважлівыя. Канешне, былі і дзіўныя выпадкі, напрыклад, калі адна Чытачка быццам бы размаўляла сама з сабой – такія дзіўныя пытанні ў яе былі – гэта было непрыемна, яна забірала час у іншых, а я не вельмі разумела, як карэктна выйсці з гэтай сітуацыі да працягнуць нармалёвую размову.

У астатнім усё было класна, ды і я была цікавай Чытачам, думаю, так сталася, бо я насамрэч раблю штосьці рэдкае і арыгінальнае. Што казаць, нават я да моманту размеркавання слаба ўяўляла, як гэта – маляваць партрэты на помніках, ніколі не сутыкалася з такімі прафесіямі.

Пасля Бібліятэкі я адчула вялікі эмацыйны ўздым, бо бачыла вочы людзей, якія глядзелі на мяне, якія слухалі мяне ўважліва, – гэта вельмі прыемна.

Мы ж вельмі рэдка з кімсьці знаёмімся, на вуліцы там ці ў цягніку, як гэта было раней, зараз усе ў тэлефонах, а Бібліятэка – гэта і ёсць тое месца, дзе можна адшукаць новых людзей, паразмаўляць з імі, паспачуваць ім ды і даведацца нешта новае пра свет.

Лічу, што Бібліятэка – вельмі класны і незвычайны праект, прычым ён карысны ўсім, як Кнігам, так і Чытачам. Калі ты Кніга, то, распавядаючы пра сябе, ты заўсёды можаш паглядзець на сябе звонку, атрымаць пэўны водгук ад людзей, а калі Чытач, то, у сваю чаргу, маеш магчымасць даведацца больш пра жыццё іншых, зразумець іх.

 

Тэкст: Сяргей Шаматульскі
Фота з архіва гераіні