Беларускі філосаф і тэолаг Ірына Дубянецкая нарадзілася ў Мінску ў сям’і кнігавыдаўца і перакладчыка Міхала Дубянецкага. Скончыла філалагічны факультэт БДУ, працавала выкладчыцай. 14 гадоў прысвяціла вывучэнню багаслоўя ў Лонданскім місіянерскім універсітэце і Лёвэнскім каталіцкім універсітэце. Заснавальніцаі выкладчыца “Школы Бібліі”, доктар багаслоўя. Працуеса старажытна-гебрайскай, арамейскай, угарыцкай, грэцкай, фінікійскай ды іншымі мовамі. Разбурае міфічныя ўяўленні беларусаў пра Біблію і працуе над яе новым перакладам.

Доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая ўпэўненая, што без новага перакладу Бібліі беларусы не здолеюць інтэгравацца ў Еўропу. OnAir высветліў, што канкрэтна нам перашкаджае і якіх стэрыатыпаў мы не пазбавіліся да гэтае пары.

Як атрымалася, што вашыя навуковыя інтарэсы сканцэнтраваліся менавіта на даследванні Бібліі?

Я ўзялася вывучаць багаслоўе з нуля, не ведаючы, што з гэтага атрымаецца. Атрымалася Біблія. Квінтэсэнцыя чалавечых ведаў і веры, увесь досвед і роздум нашай цывілізацыі знаходзіцца ў тэкстах. Ёсць тэксты, што заўсёды застаюцца табе і кожнаму новаму пакаленню навырост, колькі б іх нi чыталі. Біблія — найлепшы такі прыклад.

Калі пачынаеш даследаваць Біблію, адкрываюцца два асноўныя шляхі: ісці глыбей I бачыць усё больш складаныя ўнутраныя сувязі ды адкрываць таямніцы тэксту ці, наадварот, бачыць усё больш вялікую карціну, цэлы светз нечаканымі скразнымі сувязямі. Я іду абодвума шляхамі, але мне больш імпануе другі.

Людзі часта цытуюць біблейскія выразы…

Падцверджанне сваім iдэям у Бібліі знаходзяць самыя розныя людзі. І апелююць да Бібліі як да найаўтарытэтнейшага тэксту. У шматстайнасці біблійных тэкстаў насамрэч можна знайсці многае. Аднак усё мае свой кантэкст, без уліку якога цытата можа радыкальна мяняць свой сэнс. І таму вырываць з кантэксту біблейскія выразы ды патрасаць імі як абсалютнай праўдаю некарэктна і непрадуктыўна. Гэта не толькі значна збядняе разуменне біблейскага тэксту, але і тармозіць развіццё сацыяльнай думкі.

 

Чым мы, перажыўшыя больш за 70 гадоў атэізма і адлучэння ад Бібліі, адрозніваемся ад іншых культур Еўропы?

Біблія адыграла значна большую ролю ў фармаванні еўрапейскіх культур, чым прынята думаць. З перакладаў Бібліі на народныя мовы ў першыя стагоддзі хрысціянства часам пачыналася пісьменства гэтых народаў — гоцкі, армянскі, грузінскі, славянскі алфавіты былі прыдуманыя дзеля перакладу Бібліі.

У часы Рэфармацыі і пазней пераклады Бібліі спрыялі станаўленню нацыянальных літаратурных моў і кансалідацыі нацыянальных культур — ні таго ні другога ў большасці народаў тады проста не было, яны толькі пачыналі зараджацца, і менавіта пераклады Бібліі падштурхнулі гэты працэс.

Марцін Лютэр у гэтым сэнсе добры прыклад. Лютараўскі пераклад Бібліі разам з лютаранскай новаўтворанай царквою сталіся асноваю нямецкай нацыянальнай ідэнтычнасці: Нямеччына пачынаецца як Нямеччына з лютараўскай Бібліі 1534 году. Падобныя рэчы адбываліся і ў іншых краінах. Скарына паставіў беларускую культуруна самы пачатак гэтых працэсаў. Фактычна мы чацвёртыя пасля немцаў, італьянцаў ды чэхаў атрымалі друкаваны пераклад Бібліі на сваёй мове. На сваім першым пражскім выданні Скарына ставіць дату: 6 жніўня 1517 года. Гэта невыпадкова: 6 жніўня — свята Перамянення Гасподняга. Такім чынам Скарына абвяшчае перамяненне для сваёй краіны — гэта абсалютна свядомая нацыятворчая дзея.

Аднак склалася так, што пераклад Скарыны з розных прычын не стварыў эфекту моўнай і культурнай кансалідацыі, як гэта было ў іншых народаў пасля Скарыны. Потым рабіліся і іншыя захады, але з тым самым поспехам. Радзівілы спрабавалі аб’яднаць краіну кальвінскай рэфарматарскай вераю, каб адлучыцца ад “місіянерстваў” Польшчы і Масковіі.

У 1563 годзе ў Бярэсці з ініцыятывы Мікалая Радзівіла Чорнага выйшла поўная Біблія, але ў перакладзе на польскую мову. Васіль Цяпінскі надрукаваў у 1570 годзе свой беларускі пераклад, але толькі двух з паловай Евангелляў…

Да мысляра Сымона Буднага ў Лоск прыязджалі па мудрасць нават з Брытаніі, а яго друкарня па якасці выданняў была адной з найлепшых. Ён выдаў свой катэхізіс па-беларуску, але далей пісаў толькі па-польску. І яго шыкоўны Лоск цяпер амаль спусцелая вёсачка…

Мы выпалі з агульнаеўрапейскіх працэсаў на пару стагоддзяў. У нас быў шанец распрастацца ў нашаніўскі перыяд, на пачатку ХХ стагоддзя, але гэтага не адбылося. Калі б Біблія была перакладзеная тады, мы цяпер, магчыма, жылі б у іншай краіне — і сёняшніх праблем у беларускай мовы, напэўна, не было б. А потым Беларусь падзялілі надвяе. І калі ў Заходняй Беларусі ў апале апынулася беларуская мова, то ва ўсходняй, бээсэсэраўскай частцы ў апалу патрапіла Біблія…

І што гэта значыць?

Атрымліваецца, што ўсе культуры — хто раней, хто пазней — гэты асноўны тэкст нашай культуры засвоілі, і ён глыбока ўвайшоў у тканку культуры. Алюзіі і спасылкі на Біблію ствараюцца і счытваюцца людзьмі нават падсвядома, мімаходзь. Калісьці мяне ўразіла, як падчас адной з выбарчых кампаній у Амерыцы журналістка, якая ажно кіпела ад абурэння, выказала свой гнеў: “Я б схапіла асліную сківіцу і пабегла”.

Напішыце так у нас — ніхто б не сцяміў, што яна вярзе. А тут яна так свабодна гаворыць, бо кожны чытач ведае гэты біблейскі вобраз. Мы адрозніваемся тым, што наша культура не засвоіла ў поўнай меры асноўнага тэксту сваёй жа цывілізацыі. І да тае пары, пакуль мы гэтага не зробім, мы не зможам быць паўнацэннай часткаю гэтай цывілізацыі. Беларусы гэта недзе разумеюць. Усё ХХ стагоддзе перакладаюцца і выдаюцца асобныя кнігі Бібліі — можа, з паўсотні перакладчыкаў рабілі гэтую працу. Аднак поўнай Бібліі, перакладзенай з арыгінальных моў на ўжывальную сучасную беларускую мову, пакуль што няма. Хаця тры ўмоўна поўныя пераклады ёсць.

 

Што гэта за пераклады і чаму ўмоўна?

Першая поўная Біблія выйшла ў 1973 годзе ў Нью-Йорку, у перакладзе доктара Янкі Станкевіча. Гэта цікавы персанаж. Менавіта ён, дарэчы, падараваў нам слова “спадар”. Тэксталагічна гэты пераклад найлепшы з трох, але зроблены не на ўжытковую беларускую мову.

У 2002 годзе выйшаў пераклад Васіля Сёмухі. Дарэчы, я расла ў адным двары з Сёмухам. Маё дзяцінства пачалося на Камароўцы, у драўляным доме з выгодамі на вуліцы. Вось як бывае: адзін камароўскі двор даў двух перакладчыкаў Бібліі.

Сёмуха — фантастычны перакладчык. Аднак ён не ведае ні грэцкай, ні гебрайскай моў. Яго крыніцамі сталі рускі Сінадальны пераклад і нямецкая лютэраўская Біблія. Трэці пераклад — і добры, і трагічны. Выданне Беларускага біблейскага таварыства 2012 года нібыта зроблена на падставе перакладу Уладыслава Чарняўскага, адзінага беларускамоўнага каталіцкага святара 1970-1980 гадоў. Ён зрабіў пераклад Бібліі, карыстаючыся пераважна польскім зыходнікам. У сваіх рукапісах ужываў варыянты перакладу розных слоў — велізарны моўны скарб. Аднак выдаўцы не захавалі скарба і страцілі тэкстуальную традыцыю, у якой працаваў Чарняўскі, дадаўшы ў тэкст кавалкі з рускай сінадальнай традыцыі. Тэксталагічна гэта найгоршы з трох перакладаў, але ў ім ёсць каштоўныя моўныя ўжыткі.

Наогул, якія памылкі сустракаюцца ў перакладах Бібліі?

Можна выдзеліць некалькі тыпаў. Часам немагчыма перадаць поўны сэнс лінгвістычнымі сродкамі іншай мовы: у зыходніку словы аманімічныя, а ў мове перакладу няма. Здараліся выпадкі, калі перапісчыкі Бібліі ў раннехрысціянскія часы наўмысна перараблялі тэкст, каб “абараніць” ад ерытычных прачытанняў. Ёсць памылкі ад неразумення слова ў зыходным тэксце. Некаторыя памылкі паўтараюцца з перакладу ў пераклад, са стагоддзя ў стагоддзе менавіта праз традыцыю няправільнага прачытання.

Да прыкладу, у Евангеллі паводле Марка, у сюжэце пра Перамяненне, Ісус са сваімі вучнямі Пятром, Якубам і Янам узняўся на гару высокую і там перамяніўся перад імі, “і адзенне Ягонае сталася бліскучым і такім белым, як валюшнік не выбеліць на зямлі” (Мк 9:3). Але ў перакладах вы пабачыце не валюшніка, а бялільшчыка — “як бялільшчык не выбеліць”. І ўвесь вобраз Марка разбураецца. Ён ужывае рэдкае грэцкае слова “гнафэус”, якое азначае валюшніка — чалавека, які апрацоўвае воўну. Досыць смярдзючая праца з выкарыстаннем мачы, таму звычайна валюшнікі працавалі за горадам.

У Сэптуагінце (грэцкім перакладзе гебрайскай Бібліі III–I ст. да н.э.) яно сустракаецца ўсяго двойчы, у кантэксце шляху ў Іерусалім — ехалі праз поле валюшніка.

Нашто Марку было менавіта гэтае слова? З чаго б гэта валюшніку прэтэндаваць на бель адзення? У Евангеллі Марка няма выпадковых слоў, гэты тэкст — як музычная партытура. Слова “гнафэус” алітэрацыйнае слову “гнофос” — цемра.

І ўважлівы чытач бачыць зусім не бялільшчыка, а хутчэй “цямнільшчыка”. Гэта алюзія на таго самага персанажа, якога Ісус згадвае перад Перамяненнем, нібыта гледзячы на Пётру: “Стань за Мною, шатане!” (Дарэчы, у перакладах вы часта прачытаеце “адыдзі ад Мяне”, замест “стань за Мною”. А гэта зусім розныя рэчы: Дазволіць ісці за сабой і такім чынам пазначыць свой шлях на Галгофу ці проста сказаць “пайшоў прэч”.) Марк скрозь увесь тэкст абазначае прысутнасць шатана і яго прэтэнзію на валоданне светам. У Перамяненні Ісус паказвае ясна, хто мае сапраўдную ўладу — у тым ліку і недасягальнаю для высілкаў зямнога “ўладара” нябеснаю беллю адзення.

Вы цяпер таксама працуеце над перакладам Бібліі?

Працуем. Час аўтарскіх перакладаў незваротна прайшоў. Пераклад мусяць рабіць людзі з рознымі спецыялізацыямі. Калектыўная праца дазваляе пазбегнуць многіх памылак. У Беларусі ўжо хапае спецыялістаў — гебраістаў, эліністаў, беларускіх філолагаў.

У 2010 годзе я пачала збіраць тых, хто можа працаваць. Цяпер над перакладам працуе каля 10 чалавек. Абмяркоўваем літаральна кожнае слова. Ідэал — недасягальны, але на тое ён і ідэал, — беларускі тэкст, з якога можна аднавіць зыходнік.

Я вельмі хачу, каб падчас працы пераклад трапляў у грамадскае абмеркаванне. Першая ластаўка — публікацыя ў літаратурным часопісе “Дзеяслоў”. А недзе ў верасні мы плануем выдаць асобную кнігу, у якой будуць прадстаўленыя пераклады з каментарамі чатырох раздзелаў кнігі Роду, Песні Песняў і Евангелля паводле Яна.

Я мяркую, што навуковы пераклад можа быць адаптаваны ўсімі канфесіямі. Добра, каб людзі маглі абмяркоўваць філалагічныя — і не толькі — праблемы перакладу, адчувалі сябе далучанымі. Каб гэты пераклад рабіўся для Беларусі ХХІ  стагоддзя, каб ён абапіраўся на лепшыя напрацоўкі ранейшых перакладаў і меў перспектыву на будучыню.

Тэкст: Алена Мальчэўская
Фота: Аляксей Мартынаў
Крыніца: OnAir

Падзяліцца:

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

CAPTCHA: *