Што там арганізоўваць? Паставіў крэслы і запрасіў гасцей. Калі вы мяркуеце так, то гэты тэкст для вас. Шчырыя гісторыі пра тое, як ствараць Жывую Бібліятэку і не згарэць. Самакрытыка, праблемы і поспехі – усё тут.

 

Марыя Лукашук, арганізатарка Жывой Бібліятэкі + перакладчыца і фрылансерка

Жывой Бібліятэцы ў Беларусі тры гады, і з кожным годам я ўкладаю ў праект усё больш і больш часу – добрых паўдня працы кожны дзень, напэўна. Трэба разумець, што на пачатку гэта была невялічкая мінская ініцыятыва, наша каманда не мела вялікіх абавязкаў: мы рабілі Бібліятэкі тады, калі нам гэта было зручна, калі мы жадалі гэтага. Але пасля праект пачаў расці, пачалі з’яўляцца новыя каманды, а пра іх таксама трэба было думаць, пачынаць працаваць з імі, станавіцца іх ментарам, выдаткоўваць час на камунікацыю. У нас з’яўляліся інфармацыйныя партнёры, уласны сайт і шмат іншага.

Тры гады таму мы проста не думалі, што праект Жывой Бібліятэкі вырасце ў такую вялікую арганізацыю.

А выйшла так, што аднойчы мы зразумелі: мы болей не адны, нас ужо пяць каманд па рэгіёнах, мы надамаўляліся на мільён розных мерапрыемстваў – і гэта таксама абавязкі. Менавіта тут адбыўся такі “ваў”-эфект: ад неверагоднага аб’ёму працы мы апынуліся ў сітуацыі стрэсу. З-за чаго пачалі больш якасна падзяляць абавязкі, перасталі быць “Машай і Марынай (Марына Штрахава – другая арганізатарка. – заўв. аўт.), якія разруляць праблемы”, то-бок пачалі пэўным чынам “рэканструяваць” Бібліятэку, змяняць абавязкі. І калі раней я рабіла больш арганізацыйную працу, то зараз узровень уцягнутасці зусім іншы, але разам з гэтым узроўнем вырас і аб’ём працы.
Відавочна, тут з’яўляецца стомленасць, але не ад праекта агулам. Больш стамілася ад некаторых відаў дзейнасці ў ім. Вось я тры гады арганізоўваю ЖБ: камунікую з Кнігамі, набываю кава-паўзы, шукаю памяшканні – рабіць такое доўгі час сумна, таму я шукаю сябе ў нейкім іншым, больш высокім узроўні. Таксама здараецца, што граюць эмоцыі, але я працягваю любіць ЖБ і хачу быць тут. Негатыўныя моманты не могуць не здарацца падчас працы, але трэба намагацца вырашаць іх, слухаць крытыку адно аднаго.
Відавочна, ёсць мільён праблем, якія можна выправіць. Напрыклад, у нас ёсць валанцёры і арганізатары, зразумела, што ў кожнага з іх ёсць сваё асабістае жыццё, нейкая праца, адукацыя, і час ад часу людзі могуць проста знікаць: сыходзіць на сесію ці нешта такое, – і калі так знікае палова каманды, то становіцца вельмі цяжка, прыходзіцца займацца амаль усім. А мы ж хочам зрабіць так, каб на кожным кірунку працы быў чалавек, які б не знікаў, меў адказнасць за тое, што робіць.
Гэта такая ўнутраная крытыка, але, зразумела, ёсць і вонкавая.
Напрыклад, самая распаўсюджаная заўвага, якую нам выказваюць наведвальнікі, што мы – “Фрык-шоу”.
Што зробіш? Ну, добра. Я не ведаю, як на гэта рэагаваць. Хочацца адказаць: “Я вас віншую”. Наогул я прыходжу да такой высновы: калі чалавек называе нас “Фрык-шоу”, то ён проста яшчэ не гатовы да асабістых унутраных змен, не гатовы пабачыць і пачуць тое, што адбываецца навокал.

 

Юлія Буевіч, арганізатарка Жывой Бібліятэкі ў Віцебску + студэнтка (на фота ў цэнтры)

Насамрэч я трапіла ў каманду Бібліятэкі выпадкова. Дзяўчынка, з якой я цяпер арганізоўваю ЖБ у Віцебску (Вольга Яфрэмава), аднойчы паклікала мяне прыйсці і паглядзець, што гэта такое – Бібліятэка. Мне адразу вельмі спадабалася ідэя, сам фармат мерапрыемства, яго адкрытасць. Менавіта тады мы і вырашылі паспрабаваць зрабіць нешта такое ў сваім родным горадзе. У нас жа няма нічога падобнага і наогул няшмат чаго здараецца – толькі рэдкія лекцыі альбо варкшопы. А тут такая ідэя – цікавая і карысная адначасова ўсім: нам, людзям, гораду.
Цяпер бачна, што мы не памыліліся, калі адважыліся на арганізатарскую дзейнасць: за год працы мы правялі 9 Бібліятэк, і на кожную з іх прыходзіла не меней за шэсцьдзесят чалавек, а калісьці і дзевяноста (і гэта не ўлічваючы Кніг і валанцёраў). Безумоўна, у нас ёсць пастаянныя Чытачы – гэта адсоткаў трыццаць ад усіх наведвальнікаў, але ўсе астатнія – новыя. Мы бачым зваротную сувязь: паўгадзіны сесіі мала, каб парушыць стэрэатыпы, а гэта наша галоўная мэта, таму людзі звяртаюцца да нас пасля, бо яны атрымалі штуршок да разваг і хочуць даведацца болей. Гэта лепш за іншае паказвае, што праект цікавы, што ён падабаецца гараджанам.
Але, акрамя поспехаў, відавочна, у нас ёсць і невялічкія праблемы. Галоўная з іх – каманда, якая робіць Бібліятэку. Зараз мы намагаемся зрабіць яе больш згуртаванай, бо нам як арганізатаркам патрэбная дапамога – удвох складана адсочваць усё, асабліва калі мы жывем у розных гарадах. То-бок нам патрэбная рэальная каманда аднадумцаў, якія б ставіліся адказна да сваёй працы. Бо з-за кепскай камунікацыі і з’яўляюцца дробныя крыўды, якія перашкаджаюць.

Не буду хаваць: быў час, калі я проста сышла з праекта.

Тады ў мяне была сесія ва ўніверсітэце і здараліся пэўныя канфлікты ў камандзе – мне было цяжка, але пасля я вярнулася, справілася, бо Бібліятэка вартая таго. Усе ўнутраныя крыўды знікаюць, калі ты бачыш вынік – паспяховыя мерапрыемствы.
Зусім нядаўна мы атрымалі прэмію Rada Awards у намінацыі “Рэгіянальная моладзевая ініцыятыва”. Калі шчыра, мы не чакалі гэтага! Больш за тое, мы не ведалі, што наогул намінаваныя. Даведаліся, толькі калі нас запрасілі на цырымонію. Чаму мы перамаглі? Мо з-за таго, што пра мой горад існаваў стэрэатып: “Віцебск – месца, дзе не сабраць людзей”, а выявілася інакш. То-бок мы разбурылі гэты стэрэатып.
Але галоўны наш поспех – гэта ўсё ж такі людзі, які падыходзяць да цябе пасля Бібліятэкі і кажуць, што ім спадабалася.

 

Марыя, валанцёрка (Віцебск) + вучаніца школы

У склад каманды Жывой Бібліятэкі я трапіла выпадкова. Аднойчы ўбачыла запіс, што ЖБ шукае валанцёраў, і, паколькі я даўно марыла паспрабаваць сябе ў гэтым, адразу адправіла заяўку, падаецца, тады я нават цалкам не ўяўляла, “пра што” гэты праект. Ну, неяк так і пачалося маё новае жыццё.

Адзначу, што кожная Жывая Бібліятэка прыносіць нешта асаблівае, пэўны эмацыйны выбух.

Я да гэтага памятаю, як ехала дадому пасля сваёй першай Бібліятэкі і была проста ў захапленні ад таго, у чым я прымаю ўдзел, такое неверагоднае адчуванне.
Безумоўна, здараюцца і негатыўныя моманты. Напрыклад, калі я бачу людзей, якія лезуць паспрачацца, а не выслухаць. Але мы заўсёды напагатове. Бо праект – гэта, галоўнае, руйнаванне стэрэатыпаў і погляд звонку на тых, каго падвяргаюць дыскрымінацыі альбо не разумеюць.
Не буду хлусіць, час ад часу мы, валанцёры, пачынаем філоніць з-за балбатні, але нічога не можам з сабой зрабіць – наша каманда вельмі згуртаваная. Аднак, нягледзячы на гэта, мы намагаемся рабіць сваю працу лепш, бо кожны з нас ведае, навошта ён тут. Кожны ўносіць нешта карыснае: клеіць афішы, шукае Кнігі, месца для мерапрыемства.
Валанцёрства для мяне – гэта шчасце. Гэта не толькі дапамога тым, каму гэта неабходна, але і новыя знаёмствы. Мяркую, без Жывой Бібліятэкі, а менавіта там і адбываюцца ўсе самыя класныя сустрэчы, побач не было б вельмі важных для мяне людзей цяпер. Людзей, якіх аб’ядноўвае адна мэта, але, разам з тым, усе застаюцца рознымі. З Бібліятэкі пачалася “мая гісторыя”. Цяжка ўявіць, але раней я была шэрым мышанём, якое баялася кожнага, а на праекце я стала той, хто я ёсць.

Сяргей Шаматульскі

Фота з архіваў ЖБ і гераінь

Падзяліцца:

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

CAPTCHA: *