Колькі разоў вы чулі ці казалі: “Я ў дэпрэсіі”? А колькі разоў гэтыя словы гаварылі сур’ёзна? Гутарым з нашай Кнігай Таняй, якая справілася з дэпрэсіяй пры дапамозе псіхатэрапіі, а пасля пачала дапамагаць людзям.

Калі верыць Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, то да 2020 года дэпрэсія, абагнаўшы рак і СНІД, стане самым распаўсюджаным захворваннем у свеце, якое прыводзіць да часовай страты працаздольнасці. Ужо цяпер больш за 300 мільёнаў чалавек так ці інакш пакутуюць на розныя крызісныя станы і разлады, прычым толькі палова з іх атрымлівае хоць нейкую псіхатэрапеўтычную, медычную дапамогу.

Спецыфічная табуяванасць дэпрэсіі як захворвання, неадукаванасць, традыцыйнасць у купе з сацыяльнай стыгматызацыяй пытання “ўнутранага стану” прыводзяць да шэрагу наступстваў, самы жудасны з якіх – самагубства. Вось ужо некалькі гадоў Беларусь уваходзіць у дваццатку краін з самай высокай колькасцю суіцыдаў, што так ці інакш падкрэслівае неабходнасць асветы па пытаннях дэпрэсіі сярод грамадства і парушэння існых стэрэатыпаў.

Мы паразмаўлялі з Кнігай Жывой Бібліятэкі Таняй, якая дала рады з дэпрэсіяй пры дапамозе псіхатэрапіі, а затым пачала дапамагаць людзям.

“…Мне было больш цікава дзяліцца асабістым вопытам”

Я ведала пра Жывую Бібліятэку яшчэ да таго, як мяне запрасілі стаць там Кнігай. Тады я працавала рэдактаркай у часопісе 34mag і мы рабілі матэрыял пра Марыну Штрахаву – арганізатарку ЖБ Мінска, таму я разумела, куды іду, была знаёмая з фарматам і мне было цікава паўдзельнічаць у праекце.

На першай Бібліятэцы я распавядала пра сваю працу рэдактаркі, але пасля сама прапанавала змяніць тэму маёй Кнігі. Адчувала, што на той момант мне было больш цікава дзяліцца асабістым вопытам і казаць пра тое, як я хаджу да псіхатэрапеўта. Наогул мне вельмі хацелася зняць стыгму з гэтай тэмы, парушыць дзіўныя фантазіі, якія існуюць каля яе. Бо як тады, так і цяпер я бачу розныя стэрэатыпы, звязаныя з псіхатэрапіяй: шарлатанства, выкінутыя грошы і “шлях слабакоў”.

Я не антрапалагіня і не сацыялагіня, каб зразумець, чаму такія стэрэатыпы існуюць, але магу выказаць здагадку, што яны з’яўляюцца, калі чалавек сутыкаецца з тым, чаго ня ведае ці ведае кепска, і хоча неяк растлумачыць сабе самастойна, не запытваючы тых, хто мае дачыненне да тэмы. Атрымліваецца так сабе. Існуюць выпадкі, калі чалавек разглядае зварот да спецыяліста як слабасць (нашы ж продкі самі спраўляліся з праблемамі!).

Я расла з думкай, што гэта проста сорамна –
звярнуцца па дапамогу.

Кожны “павінен” цягнуць усё на сабе самастойна. Старэйшыя часта гавораць: “Ідзі папрацуй фізічна – і ўсё пройдзе”. Так, гэта дапаможа, стомішся фізічна настолькі, што пра ўсе траблы забудзеш, але гэта проста адцягненне ўвагі ад праблем, а не іх вырашэнне.

Таму я і хацела паказаць свой вопыт, распавесці, як псіхатэрапія працуе і дапамагае мне. Жадала зняць незразумелыя штампы і, напэўна, спадзявалася, што мой аповед зможа камусьці дапамагчы.

Шлях да псіхатэрапіі

Я вырашыла звярнуцца да псіхатэрапеўта, таму што сама дыягнаставала ў сябе дэпрэсію (пасля гэтая здагадка пацвердзілася).

На працягу некалькіх месяцаў я прыходзіла з працы, лажылася і плакала. Здавалася, вялізнай прычыны да таго няма, але, як пасля высветлілася, на мяне ўплывалі шмат фактараў: смерць бабулі, якая багата ўдзельнічала ў маім выхаванні, пераезд у іншы горад і адзіноцтва без прывычнага кола сяброў.

У пэўны момант я проста адчула, што хачу памерці. Прыдумляла розныя планы, як гэта можна зрабіць, потым, калі мяне адпускала, станавілася вельмі страшна і жудасна, што я пра такое думаю. “Маё жыццё такое цікавае, і я магу яшчэ шмат чаго паспець”, – але пасля мяне накрывала зноў.

Аднойчы я вырашыла, што так не можа больш працягвацца, да таго ж тады я з’ехалася са сваім хлопцам, і мне было балюча, што ён вінен перажываць гэта разам са мной. Я звярнулася да сайта псіхатэрапеўтычнай дапамогі https://www.b17.ru, пачала выбіраць спецыяліста і спынілася на мужчыне, фота якога было найбольш прыемным сярод усіх: без дурных усмешак і апісанняў кшталту “Праз месяц вы будзеце шчаслівыя”. Ну і не памылілася, ён вельмі дапамог мне, і цяпер я раю яго ўсім.

Асноўныя праблемы, якія марнавалі маё жыццё, вырашаныя,
але гэта не азначае, што не з’яўляюцца новыя.

Справа ў тым, што цяпер я ведаю, як разрульваць хутчэй. Я працягваю займацца псіхатэрапіяй. Мне цікава разбірацца ў сабе, пазнаваць больш. З дапамогай тэрапіі я навучылася самастойна вызначаць і спраўляцца са сваімі эмоцыямі і страхамі, разумець іх і іх прычыны, адсочваць лагічны ланцужок, каб рабіць вынікі, як пазбегнуць падобнага ў будучым.

Напрыклад, нядаўна падчас сесіі, калі я была даволі расслабленая і шчаслівая пасля нейкага цяжкага разбору непрыемнай сітуацыі, псіхатэрапеўтка (цяпер я займаюся з жанчынай) прапанавала мне прыслухацца да свайго цела, зразумець, што я адчуваю, сканцэнтравацца на гэтым пачуцці бяспекі і раўнавагі, запомніць яго. Тыдзень таму, калі ў мяне амаль пачалася панічная атака, я адразу пачала ўзгадваць тое самае адчуванне, шукаць яго ўнутры, канцэнтравацца на ім, і мне стала лягчэй. Раней я не ўмела ствараць сама для сябе пачуццё камфорту.

Ці трэба кожнаму хадзіць да псіхатэрапеўта? Складанае пытанне, бо для кагосьці падставай звярнуцца да тэрапіі можа стаць дэпрэсіўны эпізод, для кагосьці – жыццё, якое застаялася, альбо хвароба, а для кагосьці – нічога з пералічанага. Мяркую, ісці трэба тады, калі ты захочаш гэтага, калі з’явіцца такая патрэбнасць. У любым выпадку, калі сутыкнуцца з добрым спецыялістам, псіхатэрапія не нашкодзіць, а толькі дапаможа.

Распавядаць пра дэпрэсію

Мне не было страшна распавядаць пра свой вопыт псіхатэрапіі на Жывой Бібліятэцы, дарэчы, было нават камфортна. Я разумела, што знаходжуся ў дастаткова бяспечнай прасторы – на Бібліятэку ж прыходзяць людзі, зацікаўленыя ў парушэнні сваіх стэрэатыпаў, якія жадаюць даведацца нешта, а не проста спрачацца. Акрамя таго, я не баялася атрымаць нейкі негатыўны водгук, бо была ўпэўненая ў тым, што кажу, і ведала, што заўсёды буду мець магчымасць растлумачыць свае думкі.

Бібліятэка падаравала мне класны вопыт эмпатыі.

Слухачы ў асноўным суперажывалі мне, і не толькі з-за таго, што я штосьці цікава распавядала, не, я бачыла людзей, якія перажывалі нешта падобнае разам са мной.

Адна дзяўчына плакала і казала, што кожнае маё слова, пачынаючы з гісторыі пра дзяцінства і да той, як я сядзела ў групе анарэксіі і рэзала сабе ногі, – пра яе. Але былі і тыя, хто намагаўся крытыкаваць, задаваць дзіўныя, на мой погляд, пытанні, аперуючы толькі сваімі стэрэатыпамі.

Бібліятэка дапамагла зразумець, што ў мяне добра атрымліваецца дзяліцца вопытам, паказала, што гэта не страшна і не сорамна – распавядаць пра сябе, надала сілаў і мужнасці казаць пра асабістае людзям. Так, гэта маё жыццё, і яно такое. Цяпер я вяду інстаграм-акаўнт і тэлеграм-канал, куды пішу пра псіхатэрапію, свае перажыванні і самаразвіццё. Я бачу, што людзям гэта цікава, бо ім, напэўна, падабаецца чытаць пра рэальнага чалавека, даведвацца пра працэс з боку пацыенткі, а не лекара. Мне ж, у сваю чаргу, гэта дае дадатковы аналіз унутранага свету.

Людзям усё больш цікавыя акаўнты не толькі з бранчамі і прагулкамі, якія ствараюць ілюзію ідэальнага жыцця шчаслівых людзей і правакуюць комплексы, што ты жывеш горш і з табой штосьці не так, – не, час ад часу хочацца чагосьці шчырага.

Я кажу: так, маё жыццё бывае вясёлым і яркім, а бывае кепскім – і я намагаюся выправіць яго, паглядзі, магчыма, атрымаецца і ў цябе, галоўнае – не бойся сябе.

Сваімі пастамі ў сацыяльных сецях я намагаюся стварыць нейкую адэкватную рэальнасць. І тут няма розніцы, пра што я кажу – псіхатэрапію ці маляванне, – галоўнае, я раблю гэта шчыра.

Мая мэта – паказаць: тое, што мы адчуваем, – нармалёва, і калі штосьці выклікае ў вас дыскамфорт, то не трэба баяцца гэтага, а трэба з гэтым працаваць.

Мяркую, я раблю правільна, што дзялюся асабістым вопытам з людзьмі. Бо, калі я кажу пра свае дэпрэсіўныя эпізоды, ці пра сваю павышаную трывожнасць, альбо пра харчовыя засмучэнні, якія цягнуцца ўжо шэсць гадоў, то заўсёды бачу круты фідбэк. Гэта і падтрымка, і падзякі, і паведамленні пра тое, што цяпер хтосьці не адчувае сябе самотным, разумее, што ён/яна не адзіны ў свеце чалавек з такімі праблемамі. Ёсць і такія, хто кажа: “Ого, слухай, я жыву так ужо пяць год і лічыў, што гэта норма”. Думаю, так адбываецца з-за таго, што ў нашым грамадстве мала размаўляюць на тэмы псіхалагічных праблем, а вось людзей, якія сутыкаюцца з імі, шмат, і ім няма дзе абмеркаваць гэта.

Жывая Бібліятэка – гэта вельмі важны праект, які дапамагае чалавеку развіваць сябе, змагацца з кепскімі міфамі і станавіцца нам бліжэй адзін да аднаго, весці дыялог. Я сустракала на праекце шмат людзей розных прафесій і рознага ўзросту, але яны разам слухалі Кніг. Класна, калі, напрыклад, сталая жанчына можа прыйсці і даведацца пра гісторыю гомасэксуала, такім чынам змяніўшы свае погляды.

Тэкст: Сяргей Шаматульскі
Фота з архіва гераіні