Маўтхаўзэн, Дахау, Равенсбрук, габрэйскія гета. Для адных гэта частка гісторыі, для іншых – частка жыцця. Мы вельмі мала ведаем пра былых вязняў канцлагераў, шмат што забылася, шмат пра што не казалі наогул. Але гэтыя людзі ёсць і яны побач.

Сёлета ў красавіку Жывая Бібліятэка і Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне” правялі “Шчырыя размовы з былымі вязнямі канцлагераў”. Мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня вызвалення вязняў нацысцкіх канцлагераў, было арганізавана для таго, каб кожны змог з першых крыніц даведацца, як гэта – быць дзіцёнкам, якога адаслалі на прымусовую працу, у гета ці канцлагер падчас Другой сусветнай вайны. Ды проста пазнаёміцца з людзьмі, якіх з кожным годам становіцца ўсё меней.

Сустрэліся з Кірылам Прапляскам, спецыялістам па сувязях з грамадскасцю МГА “Узаемапаразуменне”, каб даведацца, як з’явілася ідэя зрабіць такія “Шчырыя размовы” і чаму для нас гэта важна.

Хто мы

Наша арганізацыя ўжо больш за 10 год падтрымлівае былых вязняў, ахвяр нацыянал-сацыялізму і іншых грамадзян ваеннага пакалення. Мы спрабуем палепшыць узровень жыцця гэтых людзей, у тым ліку дапамагчы вырашыць іх некаторыя бытавыя пытанні. Праз пэўныя мерапрыемствы імкнемся павялічыць іх сацыяльную ўцягнутасць у грамадскае жыццё. Таксама мы робім шмат супольных праектаў з іншымі арганізацыямі для таго, каб прыцягнуць увагу да праблем людзей пажылога ўзросту і да тэмы вайны.

Не так даўно мы разам з мемарыялам “Хатынь” ладзілі дыскусійны форум да гадавіны знішчэння гэтай вёскі ў канцэпцыі “Чалавечнасць у гады бесчалавечнасці”. Туды былі запрошаны студэнты і школьнікі, гісторыкі і былыя вязні канцэнтрацыйных лагераў. Такім чынам, мы паспрабавалі новы, максімальна адкрыты фармат узаемадзеяння паміж людзьмі рознага ўзросту. Але гэта толькі адзін бок нашай працы. Былі і іншыя праекты, больш кропкавыя: дапамога ў набыцці лекаў ці лядоўні, напрыклад.

Што мне падабаецца ў нашай працы? Тое, што мы працуем з людзьмі сталага ўзросту эфектыўна і, наколькі я бачу, нават больш паспяхова, чым іншыя арганізацыі, якія займаюцца падобнымі праблемамі. Я задаволены самой канцэпцыяй, па якой вядзецца наша работа, што сталасць можа быць актыўнай і добрай.

Шчырыя размовы

Разам з Жывой Бібліятэкай 21 красавіка мы правялі “Шчырыя размовы з былымі вязнямі канцлагераў” – мерапрыемства, на якім паспрабавалі новы для сябе фармат супрацы маладога пакалення і былых вязняў канцэнтрацыйных лагераў. Вельмі клёвы, на мой погляд, фармат. Бо ён надзвычай інфарматыўны: людзі могуць даведацца пра гісторыю непасрэдна з вуснаў прамых сведкаў гэтай гісторыі, праз прызму чалавечай асобы. То-бок зацікаўленыя наўпрост могуць задаць турбуючыя іх пытанні і атрымаць шчырыя адказы.

У сваю чаргу, задаволеныя і сведкі. Яны маюць вялікую неабходнасць быць пачутымі, патрэбнымі, адчуць, што яны паўнавартасныя ўдзельнікі сацыяльнага жыцця.

Мерапрыемства каштоўнае і з пункту гледжання гістарычнай памяці, якая пакрысе трансфармуецца, змяняецца. Таму вельмі важна захоўваць памяць першакрыніц, важна, каб моладзь атрымала яе праз прызму рэальнага чалавека, а не з фільмаў або падручнікаў. Бо гісторыя – гэта гісторыя перш за ўсё людзей.

Героі

Наша арганізацыя працуе з былымі вязнямі, таму, здавалася, адшукаць герояў будзе проста: мы ж увесь час кантактуем з імі, маем “доступ” да такой аўдыторыі, але ў рэальнасці ўсё атрымалася не так проста. Некаторыя людзі проста не жадалі размаўляць з публікай, іншыя хацелі, але па аб’ектыўных прычынах не маглі зрабіць гэтага (напрыклад, з-за немабільнасці), яшчэ адны былі зусім маленькія падчас вайны і ім не было што распавесці. Таму пошук расцягнуўся. Нам былі патрэбныя сведкі, якія б памяталі, хацелі і былі здольныя распавесці пра сябе.
Такім чынам, на “Шчырых размовах” прысутнічалі шэсць герояў. Усе яны былі вязнямі розных лагераў, і кожны меў сваю гісторыю.

Зоя, 81 год.
Да вайны жыла ў мястэчку Шчадрын каля Бабруйска. Калі ёй было 5 гадоў, іх з мамай і старэйшай сястрой выслалі ў лагер “Чырвоны Бераг”, а адтуль пераслалі ў Германію ў размеркавальны лагер. З гэтага месца на прымусовыя працы да сябе ў маёнтак іх забраў мясцовы фермер (баўэр). Вызвалялі амерыканцы.

Яўген, 79 гадоў.
У 4 гады яго з бабуляй і малодшай сястрой адаслалі ў аўстрыйскі канцлагер Маўтгаўзэн з Налібоцкай пушчы, дзе яны хаваліся ў лесе. Пасля вызвалення прайшоў яшчэ праз тры фільтрацыйныя савецкія лагеры.

Наталля, 94 гады.
Да вайны жыла ў Львове. У 16 гадоў яе выслалі ў размеркавальны лагер горада Вупартале, Германія. Збегла адтуль, але яе затрымалі і адправілі ў штрафны лагер. Адтуль таксама спрабавала бегчы, але пасля няўдалай спробы яе саслалі ў канцэнтрацыйны лагер Равенсбрук, а пасля ў Ноенгаме. Вызвалялі англічане.

Галіна, 80 гадоў.
Нарадзілася ў Віцебску. Калі ёй было 6 гадоў, яе з маці саслалі ў нямецкі канцлагер у Дахау. Праз некаторы час іх пераслалі ў працоўны лагер Ліпхайм, а пасля моцнай бамбёжкі ў яшчэ адзін – Кетсбурге. Вызвалялі амерыканцы, вярнулася на радзіму толькі праз тры месяцы пасля вызвалення.

Ларыса, 80 гадоў.
Нарадзілася на савецкай памежнай заставе ў мястэчку Пасадзец Плешчаніцкага раёна ў сям’і памежніка. Калі ёй споўнілася 4 гады, усю сям’ю выслалі ў габрэйскае гета ў мястэчка Чарнаўчыцы каля Брэста. Там яны былі да самага вызвалення. Пасля вызвалення праходзілі праверкі НКУС і “Смерш”.

Галіна Ч., 78 гадоў.
Да вайны жыла ў Мінску. А падчас акупацыі іх сям’я пайшла ў партызаны. За 28 дзён да вызвалення Беларусі яе з маці і старэйшай сястрой немцы злавілі ў лесе пад Мінскам і саслалі ў канцлагер у Варшаве, філіял Майданэка. Потым пераправілі на прымусовыя працы на завод у Чэхаславакію. Вызвалялі савецкія войскі. Дадому дабіраліся цягнікамі і спадарожнымі машынамі больш за месяц.

Як прайшло

Я дагэтуль памятаю, як нас зганялі ў школе на сустрэчы з ветэранамі, каб паслухаць завучаны тэкст. Таму, шчыра, не чакаў, што на мерапрыемства прыйдзе так шмат моладзі. І што самае класнае, гэтая моладзь была вельмі зацікаўленая.

Тут была зусім іншая эмацыйная абстаноўка, плюс была магчымасць задаваць пытанні. Цікава, што некаторыя пытанні ўразілі герояў, бо калі чалавек пытаецца: “Ці рабілі вы падкопы?” – ён сапраўды не разумее кантэкст лагера, а ўсе яго веды будуюцца ў лепшым выпадку на падручніках гісторыі ці ваенных фільмах.

Рэальнасць жа была іншай, і пачуць яе з вуснаў сведкаў – неацэнны эмацыйны досвед.

Фідбэк для абодвух бакоў быў розны. Героі, распавёўшы за адно мерапрыемства сваю гісторыю тройчы, відавочна крыху стаміліся. Што да слухачоў, дык тут складана неяк акрэсліць іх эмоцыі. Але я бачыў, калі ўсё скончылася і мы выклікалі таксоўкі для герояў, што шмат хто з моладзі прапаноўваў дапамагчы давезці іх на сваёй машыне. Іншыя рабілі сэлфі з бабулямі і дзядулем са словамі: “Ваша гісторыя неверагодная, і мы хочам мець выяву з вамі на памяць”.

Тэкст: Сяргей Шаматульскі
Фота за архіва арганізатараў