Гісторыя сусветнага руху

У 1993 годзе пяцёра датчан пасля таго, як на іх сябра напалі з нажом і ён патрапіў у шпіталь, стварылі арганізацыю “Stop The Violence” (“Спынім гвалт”). Праз гэтую арганізацыю яны спрабавалі змагацца з негатыўнымі стэрэатыпамі, якія транслявалі СМІ пасля вышэйзгаданага нападу.

Увесну 2000 года дырэктар музычнага фестывалю Roskilde Festival папрасіў сябраў арганізацыі зладзіць падчас фестывалю мерапрыемствы, якія б спрыялі дыялогу і ўзаемаразуменню паміж яго ўдзельнікамі. У адказ на запыт была прыдуманая Жывая Бібліятэка, у межах якой на працягу трох дзён прайшлі сотні гутарак паміж людзьмі, якія ў звычайных абставінах наўрад ці б сталі размаўляць адно з адным. Гэта моцна змяніла саму атмасферу фестывалю.

Адзін са стваральнікаў фармату Ronni Abergel асэнсаваў патэнцыял гэтай ідэі і вырашыў пасля першай падзеі пачаць працаваць над тым, каб прасоўваць фармат сярод патэнцыйных новых арганізатараў. З тых часоў ён заснаваў арганізацыю Human Library, на сайце якой можна знайсці больш падрабязную інфармацыю пра сусветны рух. З моманту свайго з’яўлення Жывая Бібліятэка як інструмент для ўмацавання сувязяў унутры супольнасцей была арганізавана ў больш чым 70 краінах па ўсім свеце.

Гісторыя беларускай Жывой Бібліятэкі
Фотаздымак з першай у Беларусі Жывой бібліятэкі, 11.10.2014, прастора "ЦЕХ"
Фотаздымак з першай у Беларусі Жывой бібліятэкі, 11.10.2014, прастора “ЦЕХ”

Жывая Бібліятэка ў першы раз прайшла ў Беларусі 11 кастрычніка 2014 года. Арганізатаркамі першага мерапрыемства сталі Марына Штрахава, Марыя Лукашук і Вольга Арцёмчык. На мерапрыемстве было больш за 50 Чытачоў, якія змаглі параўмаўляць з рознымі Кнігамі: невідушчая, беларускамоўны, вегетарыянцы, займаецца посткроссінгам, медыятар, працавала ў сэксе па тэлефоне, працуе ў судзе па ўласным жаданні, КВІР, адсядзеў «на сутках», хрысціянка, вядзе экалагічны лад жыцця.

Да гэтага дзяўчаты падалі заяўку на правядзенне Жывых Бібліятэк у Беларусі ад імя МПГ “Студэнцкая Рада” датскім арганізатарм і атрымалі дазвол на выкарыстанне лагатыпу і іншых матэрыялаў. За крыху больш чым 2 гады рэалізацыі праекта ад імя МПГ “Студэнцкая Рада” было праведзена каля 40 мерапрыемстваў, якія сабралі больш за 200 Кніг і 2 500 Чытачоў.

Пачынаючы са снежня 2016 года Жывая Бібліятэка стала самастойнай супольнасцю, якая ўключае ў сябе 8 арганізатараў і каля 15 валанцёраў, якія рыхтуюць разам усе мерапрыемствы.

За час існавання праекта ў ім так ці інакш удзельнічалі такія арганізацыі, як Нацыянальны моладзевы савет “РАДА”, Маладыя сацыял-дэмакраты – Маладая Грамада, праект “АБФ – Актыўным быць файна”, Асамблея няўрадавых арганізацый Беларусі, таварыства “Зялёная сетка”, Моладзевы праваабарончы рух – Беларусь, “Грамадзянскі форум”, ПЦ “Вясна”, Лятучы ўніверсітэт, ГА “Радзіслава”, Дотык ды інш.