Пра Жывую Бібліятэку

/Пра Жывую Бібліятэку

“Жывая Бібліятэка” – гэта незвычайная бібліятэка. Тут замест звыклых нам “кніг” выступаюць жывыя людзі са сваімі гісторыямі, якія гатовы адказваць на любыя пытанні. “Кніга” – гэта жывы чалавек, які мае пэўную ідэнтычнасць, рэдкую прафесію, унікальны досьвед, незвыклы для “большасці” лад жыцця альбо светапогляды.

Працуе “Жывая Бібліятэка” гэтак жа, як і звычайная: “чытачы” прыходзяць, атрымліваюць “картку чытача”, выбіраюць “кнігу”, запісваюцца і чытаюць яе на працягу пэўнага часу.

«Жывая Бібліятэка» можа быць карысная вам, калі вы хочаце:

  •  Абмеркаваць стэрэатыпы і пазбавіцца ад забабонаў у адносінах да іншых людзей;
  •  Задаць пытанні людзям-прадстаўнікам пэўных сацыяльных груп або прафесій, даведацца аб іх жыццёвым досьведзе, пачуццях і праблемах, з якімі яны сутыкаюцца ў грамадстве;
  •  Лепш зразумець вашых сваякоў, сяброў, калег па працы, з якімі вас падзяляюць якія-небудзь адрозненні.

З відэа ад праекта “Апантаныя” (Tut.by) можна больш падрабязна даведацца пра тое, як адбываецца само мерапрыемства:

Жывыя Бібліятэкі дапамагаюць не толькі чытачам даведацца пра Іншага, але і самім “жывым кнігам”. Яны трапляюць у прастору, дзе іх хочуць пачуць і паспрабаваць зразумець. Багата хто з кніг кажа, што гэтыя мерапрыемствы натхняюць іх.

На наш погляд, праект вельмі важны для нашага грамадства. У нас існуе стэрэатып пра тое, што наша грамадства вельмі талерантнае. Але, як паказвае практыка, гэта далёка ня так. Людзі дазваляюць сябе не толькі крыўдныя выказванні, але часам нават агрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да прадстаўнікоў некаторых сацыяльных груп. Праект дазваляе спраўдзіць ці супадае стэрэатыпнае ўяўленне ў галаве “чытача” пра нейкую сацыяльную группу з рэальным прадстаўніком гэтай супольнасці. Праз размову з “жывымі кнігамі” людзі даведваюцца больш пра іх лад жыцця і светапогляды і праз гэта змяняюць альбо ставяць пад сумнеў сваё стаўленне да прадстаўленай супольнасці.

Падзяліцца: