Саша праектуе інтэрфейсы, грае на барабанах, любіць маляваць, піша. Саша – Кніга Жывой Бібліятэкі. Саша – чайлдфры.

Чайлдфры – ідэалогія, якая характарызуецца свядомым не жаданнем мець дзяцей.

Дзесьці ў 10 год я пачала задумвацца, што не хачу мець дзяцей. Гаворка ідзе пра чацвёрты клас, калі нам распавядалі ў школе, “адкуль бяруцца дзеці”. Менавіта тады я задумалася і сказала сяброўцы: “А як наогул жанчыны вырашаюцца нараджаць? Гэта ж балюча!” Мяркую, гэтая размова з аднакласніцай і запусціла працэс майго станаўлення як чайлдфры. А калі мне споўнілася 19, то я праз аналізаванне самой сябе і пошук інфармацыі канчаткова сфармулявала сталую пазіцыю – я не хачу мець дзіцёнка. І зразумела, што быць такой – гэта нармалёва.

Бацькі адрэагавалі на чайдлфры па-рознаму. Калі тата сказаў: “Я пра цябе так заўсёды і думаў”, то маці трымалася 9 год і ад “вырасцеш – зразумееш” цяпер перайшла да “дарослая, сама разбярэшся”.

Бібліятэка

Падаецца, упершыню пра праект ЖБ я даведалася з фэйсбуку – пабачыла пост, што шукаюць кнігу-феміністку, і адгукнулася. Але выявілася, што такіх зацікаўленых шмат (гэта мяне вельмі ўсцешыла), таму прапанавала сябе як чайлдфры. З гэтай тэмай цяпер заўсёды і выступаю.

На мой погляд, тэма чайлдфры вельмі перакрыжоўваецца з фемінізмам, бо яна ўсё роўна звязана з пытаннем асабістага выбару, які карэлюецца з міфічным “жаночым прызначэннем”. І тут вельмі важна казаць і паказваць жанчынам, што ў іх ёсць выбар, бо грамадства навязвае стэрэатып: “кожная дзяўчынка павінна мець дзіця”, і праз гэта, натуральна, вызначае тваю годнасць як чалавека.

Людзі і пытанні на Бібліятэках вельмі падобныя, але яны заўсёды шчырыя, а гэта класна. Канешне, кожны раз ёсць больш настойлівыя слухачы (але такіх насамрэч не шмат).

На жаль, некаторыя ставяць знак роўнасці паміж “Я не хачу мець дзіця” і “Я дурніца”.

Сустракаешся і з хамствам, але рэдка – сам фармат Бібліятэкі не дазваляе такому адбывацца.

Я ж маю права проста праігнараваць правакатыўнае пытанне, пазбягаючы такім чынам канфліктаў. Ну і пастаяць за сябе магу, відавочна. Я ж сваё чайлдфры не ўчора зразумела, таму адказваю ўпэўнена і не звяртаю ўвагі на тролінг. Больш непрыемна, калі пачынаюцца гульня, а яна пачынаецца падчас кожнай сесіі: слухач намагаецца змадэляваць такі выпадак, каб я ўсё ж сказала: “Так, пры такіх абставінах я б нарадзіла”. Гэта смешна.

Наогул людзей, якія ўедліва ставяцца да мяне, можна зразумець. У нашым грамадстве дзеці – гэта адна з базавых каштоўнасцяў, а калі гаворка ідзе пра нейкае “парушэнне” гэтых каштоўнасцяў, то людзі найчасцей пачынаюць паводзіць сябе ірацыянальна, а месцамі і агрэсіўна. Для іх важна не парушаць умоўныя “ўстоі”, яны рэдка могуць абстрагавацца і ўявіць, што калі хтосьці паводзіць сябе інакш, то сусвет не становіцца горшым. Падчас Бібліятэк я ж распавядаю пра сябе, а не пераконваю кагосьці ў чымсьці або прымушаю жыць інакш. Кожны сам вызначае свой лёс. Кожны мае на гэта права.

Наогул людзям проста трэба не лезці ў чужыя майткі. І тады ўсё будзе добра. Карацей, як у дэвізе чайлдфры: “Жыві сам і дай жыць іншым”.

Але, што б ні адбывалася, па выніку я разумею, што ўсё не дарма. Бо вельмі часта да мяне падыходзяць дзяўчаты і кажуць “дзякуй”. І справа тут не ў тым, што яны таксама не жадаюць мець дзіця. Яны радыя, што хтосьці наогул кажа пра жаночыя правы, пра тое, што ў іх ёсць выбар.

Дык чаму я не хачу мець дзяцей

Па-першае, гэта не маё. Я не адчуваю жадання ці неабходнасці быць маці.

Дзеці – сур’ёзная праца, і, як і да любой працы, да гэтага павінна ляжаць душа. Але акрамя працы ёсць і адказнасць, а таксама страхі (тут не трэба казаць, што я баязлівая эгаістка). Проста ў кагосьці жаданне мець дзіцё перасільвае гэтыя страхі, а шмат хто не задумваецца пра адказнасць. Зноўку я думаю і аб тых школьных развагах пра боль – прырода, канешне, намагалася аптымізаваць працэс родаў, але пакуль ён выглядае так сабе.

Пра мацярынскі інстынкт і шклянку вады

У мяне ніякага мацярынскага інстынкту ніколі не было. Наогул навукоўцы яшчэ спрачаюцца, ці існуе наогул гэты самы інстынкт. Бо ёсць пазіцыя, што ён не прадугледжаны ў людзей як віду. Прырода проста не ведала, што чалавек вынайдзе кантрацэпцыю, і таму заклала інстынкт размнажэння – жаданне займацца сэксам, следства якога – дзіцё, але не закладала жаданне мець гэта самае дзіцё наўпрост.

Часта, не заўжды, спрацоўвае і пасляродавы выкід аксітацыну, гармону, які развівае прывязанасць да дзіцяці, – існуе і такі механізм, які параўноўваюць з інстынктам. Але ў той самы час мала хто ўзгадвае пра пасляродавую дэпрэсію і іншыя жудасныя рэчы.

Я не хачу зараз неяк ачарняць працэс мацярынства, я хачу, каб людзі, якія робяць выбар “мець дзіця ці не”, ведалі і пра магчымыя наступствы. А таксама разумелі, што калі яны не жадаюць – то гэта абсалютна нармалёва. Бо шмат хто зараз у той самай сітуацыі, у якой я была ў свае 17: ты адчуваеш, што адрозніваешся ад большасці, але не ведаеш, дзе шукаць падтрымку.

Хто мне прынясе шклянку вады ў старасці? Адказ тут ніяк не карэлюецца з дзецьмі. Мяркую, што калі ты робіш дабро, то людзі ўсё роўна будуць побач.

Тэкст: Сяргей Шаматульскі
Фота з архіва гераіні