“Ад пяці разоў да двух год” – гісторыі пастаянных Чытачоў ЖБ.

Шмат каму ёсць пра што расказаць, але як быць тым, хто ўмее слухаць? І навошта гэта рабіць неаднойчы? Сёння яны не спытваюць, сёння яны кажуць – пастаянныя слухачы Жывой Бібліятэкі ў размове пра ўлюбёныя Кнігі, матыў і сэнс прыходзіць зноў.

Валерыя (17 гадоў, студэнтка)

Аднойчы я пазнаёмілася з хлопцам, які сказаў, што будзе выступаць на Жывой Бібліятэцы. Мяне гэта вельмі зацікавіла, і я вырашыла прыйсці паглядзець, што гэта за мерапрыемства. Цяпер я ўжо разоў пяць была на ЖБ, а двое з маіх сябровак нават сталі там валанцёркамі. Чаму я прыходжу зноў? Напэўна, з-за таго, што тут заўсёды ёсць цікавыя Кнігі, ды і самі арганізатары класныя – з імі таксама ёсць пра што пагаварыць!

Самай цікавай тэмай для мяне стала “кніга-анархіст”. Я дакладна не памятаю імя хлопца, які быў ёй, але тыя рэчы, якія ён распавядаў, запомніліся. Было вельмі цікава слухаць тэорыю пра тое, што калі б у нашай краіне была анархія, то гэта не было б катастрофай. Грамадству не патрэбная дзяржаўнасць – яно можа само сябе кантраляваць і забяспечваць, без якіх-небудзь палітыкаў і падзелу ўлады. Гэтая ідэя ўзарвала мне мозг. Бо я ніколі пра гэта не думала, а калі і думала, то не ў тым напрамку.

Да ўсіх астатніх Кніг я стаўлюся больш спакойна, то-бок астатнія тэмы не руйнуюць якія-небудзь мае стэрэатыпы – у мяне ж іх наўпрост няма. Я адкрыта гляджу на свет, без шаблонаў. Ды і Бібліятэка вучыць разумець іншых людзей, а калі цябе некаторыя тэмы не цікавяць, так на іх можна не хадзіць.

Наогул на Бібліятэцы хочацца бачыць больш Кніг, якія не адпавядаюць агульнапрынятым шаблонам, адрозніваюцца ад прынятай сістэмы “вучоба-праца”.

Акрамя гэтага, у Жывой Бібліятэцы я хацела б адрэгуляваць колькасць сеансаў і Кніг (апошніх заўсёды больш), каб была магчымасць паслухаць усіх, а не выбіраць сярод многіх, – бо выбіраць заўжды складана.

Анастасія (19 гадоў, студэнтка)

Упершыню я пабывала на Жывой Бібліятэцы некалькі гадоў таму. Мы з сяброўкай прыйшлі на фры-маркет, пасля якога, як аказалася, праводзілася Бібліятэка. Гэта значыць, што трапіла туды я выпадкова. Уласна, тады ж я і даведалася, што гэта такое. Мы ўбачылі спіс Кніг, і стала проста цікава пагутарыць з такімі людзьмі. Да таго ж гэта было нешта новае і незвычайнае.

Я памятаю амаль усе Кнігі, якія наведала ў той дзень: веган, анархіст, гей і лесбіянка. Вельмі ярка запомніўся веган. На той момант я мела толькі агульнае ўяўленне аб тым, хто гэтыя людзі, якія прадукты яны ўжываюць і якую жыццёвую пазіцыю маюць, таму было неверагодна цікава паслухаць такога чалавека і вынесці для сябе нешта новае.

Як я ўжо казала, на тую Бібліятэку я хадзіла з сяброўкай, якая была ўражаная размовай з “кнігай-геем”. Да пачатку мерапрыемства яна нават не хацела да яго ісці, карацей кажучы, была трохі гамафобкай. Але ў выніку я яе ўгаварыла, чаму была вельмі рада, бо яна змяніла сваё меркаванне ў лепшы бок.

У прынцыпе мне цікава размаўляць з новымі людзьмі, а калі яны яшчэ і неяк адрозніваюцца ад іншых, то гэта наогул класна. Наведваючы падобнае мерапрыемства, разумееш, што Жывая Бібліятэка дае магчымасць адправіцца ў іншыя рэальнасці, лепш зразумець людзей, паспрабаваць зірнуць на свет іх вачыма. І гэта не можа не прыцягваць. Пасля кожнага разу хочацца прыходзіць яшчэ і яшчэ, бо застаецца велізарная колькасць тэм, якія хочацца абмеркаваць, і велізарная колькасць “кніг”, якія хочаш “прачытаць”.

Наогул заўсёды займальна пагаварыць з Кнігай, чыё меркаванне супрацьпастаўлена твайму. Самымі цікавымі, на мой погляд, з’яўляюцца тэмы рэлігіі, розных захворванняў, у тым ліку псіхічных, або падарожжа. Ну і каму нецікава “пачытаць” якую-небудзь рэдкую “кнігу”? Напрыклад, трансгендара або расстрыгу?

Я заўважыла, што найбольш яскрава запамінаюцца часам не блізкія мне тэмы. Бо мэта Жывой Бібліятэкі – разбураць стэрэатыпы і даваць магчымасць зразумець каго-небудзь, хто адрозніваецца ад цябе самога. Таму я б усім раіла “чытаць” што-небудзь дзіўнае, супярэчлівае, незразумелае. Вядома, цікава схадзіць і да блізкіх табе Кніг, але тут таксама ёсць свой мінус: часам бывае проста нудна. І ўся справа не ў Кнізе, а ў тым, што ты ўжо ведаеш адказы на ўсе пытанні.

У Жывой Бібліятэцы я б змяніла працэдуру запісу да Кніг. Раней было зручней. Ты прыходзіш загадзя, запісваешся на ўсе выбраныя секцыі і больш не турбуешся пра гэта. Зараз жа пасля кожнай секцыі прыходзіцца ледзь не бегчы да дзяўчат, якія стаяць на рэгістрацыі. На мой погляд, гэта вельмі нязручна. Так, я разумею, што не ўсе могуць прыехаць да пачатку (і я таксама часам прапускаю першую сесію). Можа быць, можна разбіць запіс напалову? Напрыклад, на першыя тры сесіі да пачатку ЖБ і падчас іх правядзення, а на астатнія – пасля другой ці трэцяй. Гэта мая адзіная заўвага, у астатнім усё цудоўна.

Ксенія (17 гадоў, студэнтка)

Я зацікавілася Жывы Бібліятэкай, бо не сустракала раней падобных праектаў у Мінску, і гэта было нечым новым і арыгінальным. Да гэтага я ніколі не бачыла ініцыятыў, якія б ставілі сваёй мэтай разбурэнне стэрэатыпаў.

Маёй першай Кнігай быў этнаастраном. І яго сесія была больш падобная на навуковую міні-лекцыю, чым на размову. Ён даступна тлумачыў розныя тэорыі, паказваў, чым наогул займаецца гэтая навука, распавядаў цікавыя гісторыі са свайго вопыту даследаванняў і проста дапамог усім крыху далучыцца да гэтай тэмы.

На першай Жывой Бібліятэцы ў мяне не атрымалася паслухаць усе Кнігі, якія я хацела. Гэта і прымусіла прыйсці зноў. І кожны раз з’яўляліся ўсё новыя і новыя асобы, чые гісторыі хацелася паслухаць. Кожны раз бываюць Кнігі з такімі пазіцыямі або з такім вопытам, якіх я да гэтага не сустракала. Да прыкладу, мне запомнілася ВІЧ+ дзяўчына, да якой я хадзіла два разы. Яна распавядала, што самая вялікая праблема людзей з ВІЧ цяпер – дыскрымінацыя. Таксама запомніліся работнікі рэабілітацыйных цэнтраў для залежных, лекары. Некаторыя людзі з гэтай сферы самі сутыкаліся або прайшлі праз тыя захворванні, з якімі цяпер працуюць.

Увогуле калі казаць пра любімыя Кнігі, то больш за ўсё мне падабаюцца вандроўнікі і аўтастопшчыкі, звычайна яны самыя адкрытыя, пастаянна жартуюць, могуць падтрымаць размову абсалютна на любую тэму. У іх шмат гісторый зусім рознага характару. Таксама мне цікавыя людзі, як-небудзь звязаныя з экалогіяй. Насамрэч у грамадстве існуе шмат стэрэатыпаў, звязаных з гэтай тэмай, а абмяркоўваецца яна не так часта і не так шырока, як хацелася б.
Кнігі, з пазіцыяй якіх я была не згодная, вядома, былі, але я не лічу, што па якім-небудзь пытанні існуе толькі адна правільная пазіцыя – кожнае меркаванне мае месца быць. І калі прыходзіш на Жывую Бібліятэку, то разумееш, што кожны чалавек можа падыходзіць да праблемы з іншага боку. І тое, што ва ўсіх розныя меркаванні і пазіцыя па адным і тым жа пытанні, нармальна, гэта нават дапамагае ўмець неяк па-іншаму ўспрымаць свет.

Марыя (15 гадоў, вучаніца гімназіі)

Пару гадоў таму, калі я пачала захапляцца журналістыкай, наша настаўніца вырашыла адвесці нас на Жывую Бібліятэку, каб мы паспрабавалі напісаць матэрыял пра адну з Кніг. Я пайшла, паглядзела і пачала пастаянна наведваць гэтае мерапрыемства. Тады мне спадабалася сама атмасфера, акрамя гэтага, адразу трапілася вельмі добрая падборка Кніг, якія натхнілі мяне нешта рабіць, а не сядзець на месцы.

Маёй першай Кнігай была «кніга-праваабаронца». Мы доўга размаўлялі пра рэчы, якія здараюцца ў адносінах да людзей з боку праваахоўных органаў. Нягледзячы на тое, што тэма была сур’ёзнай, мы вельмі шмат смяяліся. Адзначу, што больш за іншыя мне цікавыя Кнігі на тэмы якіх-небудзь захворванняў альбо прадстаўнікі грамадскіх ініцыятыў – людзі, якія вырашаюць праблемы. Гэта блізка мне, так як я і сама займаю даволі актыўную грамадскую пазіцыю, і мне самой важна даведацца чужы вопыт, а тэмы хвароб, напэўна, з-за ўласнага досведу – я палову жыцця правяла ў бальніцах, мне ўсё гэта знаёма. Але самай любімай Кнігай стаў мужчына, які жыве ў рэмісіі пасля анкалагічнага захворвання, – за яго энергіяй было складана зразумець, што гэты чалавек перажывае цяжкую хваробу.

У Бібліятэцы ўсё ўладкавана класна, адзінае, што я б хацела змяніць, – гэта карткі Чытача, якія я заўсёды губляю падчас мерапрыемства. Было б добра, калі б была магчымасць прыдумаць нейкую іншую сістэму.

Сяргей Шаматульскі

Фота з архіваў гераінь

Падзяліцца:

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

CAPTCHA: *