Мы – гэта супольнасць людзей, якія не любяць стэрэатыпы і таму вядуць з імі барацьбу праз пашырэнне і ўзмацненне камунікацыі паміж людзьмі. Калі вы не чулі пра нас раней, то можаце павывучаць наш сайт http://humanlibrary.by/ і даведацца, хто мы і чым займаемся.

Мы прымаем у сваю каманду вельмі розных людзей і мала на што пры гэтым звяртаем увагу, але гэта не значыць, што ў нас зусім няма патрабаванняў. Мы чакаем ад вас: павагу да правоў чалавека і разнастайнасці грамадства, веданне нашага фармату (альбо моцнае жаданне даведацца пра яго), здольнасць хутка вучыцца, адказнасць, павагу да дэдлайнаў і здольнасць іх прытрымлівацца, звышздольнасць “не знікаць”. Таксама вам патрэбна мець дастаткова часу, каб займацца абраным кірункам дзейнасці. Усё астатняе не мае значэння і не будзе ўлічвацца пры адборы.

Што вы можаце і што патрэбна нам:

  • Камунікаваць са СМІ. Зараз мы працуем з некалькімі СМІ і нам патрэбны чалавек, які зможа весці ўсю камунікацыю з імі (пошук герояў, перадача кантактаў, перачытванне тэкстаў, камунікацыя па выпраўленні заўваг/памылак), а таксама з асобнымі зваротамі журналістаў да нас.
  • Весці ФБ-старонку. Паглядзіце, як мы робім гэта зараз, і зрабіце лепш. Патрэбна 1-5 пастоў на тыдзень пра нас і нашых сброў ды партнёраў. Вельмі пажадана рабіць гэта па-беларуску.
  • Каардынаваць каманды ў іншых гарадах. У нас іх ужо не мала: Гродна, Берасце, Гомель, Віцебск, Маладзечна, Бабруйск. Дзесьці ўжо спрацаваныя каманды, дзесьці не – трэба падтрымліваць іх кансультацыйна і інфармацыйна, дапамагаць шукаць новых людзей і пашыраць лакальныя сувязі. Трэба добра ведаць наш фармат і спецыфіку гарадоў.
  • Шукаць і запрашаць новых “жывых кніг”. Гэта ледзьве не галоўнае ва ўсім працэсе падрыхтоўкі Жывой Бібліятэкі. Трэба мець вельмі добрыя камунікатыўныя здольнасці, не баяцца размаўляць з незнаёмымі людзьмі, умець проста тлумачыць складаныя рэчы, не забываць неабходныя рэчы, сачыць за выкананнем просьбаў. Цярплівасць і спакой таксама будуць дарэчы.
  • Арганізоўваць мерапрыемствы. Трэба проста добра ведаць усе стадыі падрыхтоўкі, выконваць іх, нагадваць іншым пра дэдлайны і не забываць свае.
  • Дапамагаць з усім астатнім па меры магчымасці будуць валанцёры. Нашыя валанцёры могуць займацца разнастайнымі рэчамі ад піяру да дызайну, фатаграфаваць, пісаць, вычытваць тэксты, ствараць новае, руйнаваць старое (дакладныя прыклады вы знойдзеце ў анкеце).

Далучыцца да нашай каманды зараз вельмі проста – трэба запоўніць анкету па спасылцы https://goo.gl/xDDCMp да 25 верасня. Там будуць 3 раздзелы: агульная інфармацыя, матывацыя, кантакты. Выдаткуйце на гэта 10-15 хвілін і пасля 25 верасня мы з вамі скантактуемся. Чакаем вашых анкет!

Падзяліцца:

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

CAPTCHA: *