Плюс адная цікавая гісторыя ў нашай рубрыцы «Актывісты». Гэтым разам гутарым з Марынаю Штрахавай, каардынатаркаю «Жывой бібліятэкі» ў Беларусі – праекту, які ў форме нефармальнай гутаркі дазваляе даведацца пра досвед прадстаўнікоў розных прафесіяў і сацыяльных групаў.

Чым займаюцца: Арганізацыя сустрэчаў з людзьмі розных прафесіяў і лёсаў для разбурэння стэрэатыпаў.

Дата заснавання: Восень 2014 года.

Структура: 7 чалавек.

Факты: За паўтара года правялі больш за 20 мерапрыемстваў у розных гарадах Беларусі, каля 200 чалавек выступілі ў якасці «кніг». Сярод спікераў былі веганы, фрыганы, вандроўнікі, ВІЧ-пазітыўныя, анкахворыя ды іншыя.

З кім гутарым: Марына Штрахава, 25 гадоў. Заснавальніца і каардынатарка «Жывых бібліятэк» у Беларусі. Таксама працуе ў НДА «ЕўраБеларусь» і «Студэнцкая Рада», а паводле размеркавання займае пасаду юрыста-кансультанта ў Беларускай партыі «Зялёныя».

Гісторыя Марыны

– Я пазнаёмілася з праектам «Жывая бібліятэка» ў 2012 годзе, раней, чым ён з’явіўся ў Менску. Гэта было ў Польшчы, куды я паехала на адзін праект і выпадкова трапіла ў публічную бібліятэку, дзе якраз праводзілася гэтае мерапрыемства. Ідэя даволі простая: зводзіць тых, хто неяк адрозніваецца ад большасці, і тых, хто хоча разбурыць свае стэрэатыпы наконт першых. Спікераў клічуць «кнігамі», а гасцей – «чытачамі». Мяне так моцна здзівіла канцэпцыя «Жывой бібліятэкі», што два гады я жыла з думкаю пра тое, каб зрабіць гэта і ў нас. Сама ідэя разбурэння стэрэатыпаў – такая простая і адначасова такая цікавая.

«Ідэя такіх бібліятэк даволі простая: зводзіць тых, хто неяк адрозніваецца ад большасці, і тых, хто хоча разбурыць свае стэрэатыпы наконт першых»

Калі вярнулася дадому, мяне накрыла вучоба, праца ды іншыя заняткі. А ўлетку 2014 года я брала ўдзел у «Акадэміі першых», зарганізаванай моладзевай арганізацыяй «РАДА». У яе межах можна было зрэалізаваць нейкі праект, нашая каманда падалася з ідэяй «Жывой бібліятэкі» ды перамагла.

Што такое «Жывая бібліятэка»

– Ідэя «Жывой бібліятэкі» з’явілася ў 2001 годзе ў Даніі. З яе стварэннем звязаная даволі сумная гісторыя: аднаго маладога хлопца моцна збілі нейкія падлеткі. Пакуль ён быў у шпіталі, ягоныя 14–16-гадовыя сябры думалі, як можна знізіць агрэсію ў грамадстве. Яны прыйшлі да высновы, што самае простае – размаўляць адзін з адным, каб пазбавіцца ад ярлыкоў «свой»–«чужы». Першую «Жывую бібліятэку» яны зарганізавалі падчас музычнага фестывалю Roskilde, што моцна змяніла яго атмасферу: ён стаў больш адкрыты, сяброўскі, побач можна было ўбачыць шмат розных людзей. «Бібліятэка» дзеяла ўсе дні фэсту з раніцы і да вечара.

Потым гэтыя хлопцы заснавалі адмысловую арганізацыю, і цяпер яны распаўсюджваюць «Жывыя бібліятэкі» па свеце. Гэта ўжо ператварылася ў міжнародны рух, у якім бяруць удзел больш за 50 краінаў. Беларусь далучылася да яго ўвосень 2014 года, мы разам са «Студэнцкаю Радай» звярнуліся да тых датчанаў і прапанавалі ім адкрыць філіял у Беларусі. Яны даслалі нам дэкларацыю, дзе былі правілы, якіх трэба прытрымлівацца: напрыклад, гэта выключна некамерцыйны праект, таму мы не бярэм грошай за ўдзел.

«На гэты момант мы ўжо шмат часу ў пошуках міліцыянта і прастытуткі»

«Жывыя кнігі» – прадстаўнікі нейкай сацыяльнай групы або прафесіі, да якіх у грамадстве ёсць пэўнае стэрэатыпнае стаўленне. Таксама прыходзяць людзі, пра заняткі якіх мала што вядома, таму ёсць нейкае неразуменне таго, чым яны займаюцца. Напрыклад, цяпер яшчэ не ўсе ведаюць, хто такія фрыганы.

Калі мы рабілі першыя бібліятэкі, то кіраваліся толькі тою інфармацыяй, якую нам далі датчане. Потым сталі браць прыклад з Украіны і Расіі, бо ў іх гэты праект ужо існаваў. Спачатку мы запрашалі на выступы сваіх знаёмых, а потым зрабілі суполкі ў сацсетках і там пачалі шукаць цікавыя нам «кнігі»: пракурораў, следчых, хатніх гаспадынь ды іншых.

Фармат івэнтаў

– Cустрэчы пабудаваныя на сесіях і размовах: кожная «кніга» сядзіць у сваім закутку і цягам 25–30 хвілінаў распавядае пра сябе, а потым адказвае на пытанні «чытачоў»-слухачоў. Адначасова размаўляюць некалькі «кніг», таму іх колькасць на адной сустрэчы залежыць, у першую чаргу, ад памяшкання, бо трэба зарганізаваць зоны для размовы з кожнай. У сярэднім мы шукаем 10–12 «кніг» на адное мерапрыемства. Частка з іх – гэта тыя, хто ў нас ужо быў і карыстаўся попытам. Іншая частка – выбар чытачоў, людзі, якіх яны хацелі б пабачыць. І астатняя група «кніг» – тыя, каго мы самі даўно шукалі. Напрыклад, на гэты момант мы ўжо шмат часу ў пошуках працоўнага міліцыянта і прастытуткі. Пакуль так і не пашанцавала знайсці людзей, гатовых адкрыта размаўляць на тэму сваёй прафесіі. Гэта нармальна, і мы разумеем тых, хто кажа: «Мы гатовыя прыйсці ды распавесці пра сябе, але мы не хочам, каб нас фатаграфавалі, здымалі на відэа, пісалі пра нас артыкулы і неяк гаварылі пра тое, што мы былі тут».

«Жывая бібліятэка» – гэта не толькі для чытачоў, яна нават больш патрэбная «кнігам». Бо ў большасці няма месцаў, куды яны могуць прыйсці ды распавесці сваю гісторыю. Гутаркі з сябрамі – гэта іншае.

«Да нас прыходзяць і 14-летнія падлеткі, і моладзь, і 60-гадовыя пенсіянеры, і сем’і з дзецьмі»

Сярод «кніг» у нас быў мужчына, які спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Ён выступаў на адной з самых вялікіх «Жывых бібліятэк», дзе было каля 200 чалавек. Калі я затэлефанавала яму потым, каб запрасіць на яшчэ адзін выступ, ён адказаў: «Ведаеш, у мяне цяпер усё класна. Мне вельмі спадабаўся ваш фармат, і, калі я распавёў людзям пра сябе, я канчаткова перажыў усе негатыўныя эмоцыі. Таму я больш не хачу пра гэта ўспамінаць». І я была такая шчаслівая, калі пачула! Дзякуючы нам чалавеку стала лепей, а гэта самае галоўнае. Таксама прыходзіў мужчына, які адседзеў у турме гадоў сем. Ён распавядаў сваю гісторыю некалькі разоў, а потым сказаў: «Нешта мне больш не цікава пра гэта гутарыць. Хочаце, раскажу пра свае духоўныя практыкі?». Вядома, мы запрасілі яго зноў, але з новаю тэмай.

У Менску мы ладзім нашыя мерапрыемствы раз на месяц-паўтара. Гэта залежыць ад таго, наколькі мы здольныя гэта рабіць, бо ўсе маюць іншую працу і заняткі. Прыемна, што больш за палову людзей на кожнай сустрэчы – гэта новыя ўдзельнікі, але ў нас ёсць і пастаянныя «чытачы». Спачатку мы вельмі баяліся, што праект стане месцам сустрэчы, дзе будуць тусіць «свае», як гэта звычайна бывае шмат у якіх НДА. Але ж да нас прыходзяць і 14-летнія падлеткі, і моладзь, і 60-гадовыя пенсіянеры, і сем’і з дзецьмі. Добра, што ў Беларусі няма закону аб забароне прапаганды гомасексуалізму, як у Расіі: там на некаторыя мерапрыемствы «Жывой бібліятэкі», дзе асвятляецца гэтая тэма, арганізатары вымушаныя пускаць чытачоў толькі з 18-ці гадоў.

Мы спрабуем даязджаць да рэгіёнаў: за 2015 год пабывалі ўва ўсіх абласных гарадах. У Горадні арганізацыя «Актыўным быць файна» узяла на сябе функцыю правядзення «Жывых бібліятэк». Таму мы нават туды не ездзім, бо АБФ існуюць даволі аўтаномна і самі добра спраўляюцца. У іншых гарадах крыху складаней, бо мы яшчэ не знайшлі людзей, гатовых самастойна ўзяцца за правядзенне «Жывых бібліятэк».

«Кнігі» ды стэрэатыпы

– Наш досвед паказвае, што нецікавых «кніг» не існуе: каго б мы ні прывялі, заўсёды знойдуцца «чытачы». Часам «кнігі» прыводзяць за сабою новыя «кнігі». Гэтак да нас звярнулася ВІЧ-пазітыўная жанчына, яна даведалася пра праект ад сваёй сяброўкі, якая аказалася ў сітуацыі хатняга гвалту і распавяла пра гэта на нашай імпрэзе.

У нашым грамадстве вельмі немудрагелістыя стэрэатыпы: накшталт, жанчыны аказаліся ў сітуацыі хатняга гвалту, бо самі напрасіліся; вегетарыянцы не ядуць мяса, бо ім проста шкада жывёл; людзі-інваліды сядзяць дома і нікуды не выходзяць; феміністкі проста не задаволеныя жыццём, бо «ў іх мужыка нармальнага не было». Я лічу, што такім людзям проста неабходна пабываць на нашых сустрэчах. Дзіўна, што яны прыходзяць не з мэтаю даведацца пра штосьці новае, а для таго, каб упэўніцца ў тым, што іхныя стэрэатыпы правільныя, а таксама ўпісаць спікераў у сваю сістэму свету і свае нормы.

Заўсёды цікава паслухаць замежнікаў: напрыклад, ЛГБТК-актывістку з Азербайджану, бо там з гэтым рухам нават складаней, чымся ў нас. Таксама людзі любяць псіхалагічна складаныя тэмы: анкапацыенты, ВІЧ-пазітыўныя, хворыя на гепатыт С, пацярпелыя ад хатняга гвалту, маладыя маці з хворымі дзецьмі.

«У нашым грамадстве вельмі немудрагелістыя стэрэатыпы: накшталт, жанчыны аказаліся ў сітуацыі хатняга гвалту, бо самі напрасіліся; вегетарыянцы не ядуць мяса, бо ім проста шкада жывёл»

Трэба пазначыць, што мы не прапагандуем ідэі нашых «кніг» як правільныя для ўсіх. Мы запрашаем і антыфашыстаў, і філосафаў, і феміністак, і прадстаўнікоў ЛГБТК, і людзей з асабістымі патрэбамі. Кожны чалавек рэпрэзентуе сам сябе, свой досвед, хоць і адносіцца да пэўнай групы. Людзі прыходзяць сюды не дзеля таго, каб папіарыцца, а каб падзяліцца сваёй гісторыяй і тым, як яны жывуць са сваймі асаблівасцямі. Бывае так, што нейкая «кніга» толькі пацвярджае стэрэатыпы пра сваю суполку. Але на іншай сустрэчы можа з’явіцца і іншая, якая раскажа нешта новае і зусім нетыповае.

Дарэчы, цяпер мы таксама ў пошуках рабіна, нарказалежнага, забойцы, залежнага ад алкаголю і, наадварот, чалавека, які не п’е.


Тэкст і фота by Таня Капітонава, 34mag.net

Падзяліцца:

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

CAPTCHA: *