Праваабарона як лад жыцця. Мы сустрэліся з Кнігамі-праваабаронцамі і даведаліся, што гэта значыць – быць праваабаронцам у Беларусі.

У Рэйтынгу краін свету па ўзроўні палітычных і грамадзянскіх правоў, падрыхтаваным у 2017 годзе Міжнароднай недзяржаўнай арганізацыяй Freedom House, Беларусь займае 179 месца з 210. Такім чынам, наша дзяржава, апярэджваючы Расію (180 месца), але значна адстаючы ад той жа Украіны (108 месца), уваходзіць у катэгорыю “несвабодных”. А сёлета ў сакавіку, пасля затрыманняў мітынгоўцаў на Дні Волі, Міклаш Харасці (Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі) зноўку заклікаў улады краіны выконваць свае праваабарончыя абавязацельствы. У сваю чаргу, Беларусь, удзельнічаючы ў шматлікіх міжнародныя дамовах ды рацыфіцыруючы пакты і канвенцыі, намагаецца палепшыць сітуацыю з правамі чалавека, але побач з ёй дзейнічаюць і незалежныя праваабарончыя ўстановы. Адна з іх – Human Constanta, маладая арганізацыя, якая займаецца фундаментальнымі правамі бежанцаў і мігрантаў, правамі і свабодамі ў лічбавую эпоху і процідзеяннем дыскрымінацыі. Мы сустрэліся з Настай і Аляксеем – удзельнікамі каманды Human Constanta, а таксама Кнігамі Жывой Бібліятэкі, каб даведацца: як гэта – быць праваабаронцам у Беларусі.

Наста Лойка (юрыстка, трэнерка, праваабаронца)

Каштоўнасці, якія нясе Жыва Бібліятэка, вельмі блізкія для мяне. Наогул я вельмі радая, што такі праект існуе ў Беларусі, што ён развіваецца. Бо вельмі важна працаваць са стэрэатыпамі. Згодна з пірамідай нянавісці, стэрэатыпы – гэта першы крок, які вядзе да генацыду той ці іншай сацыяльнай групы, таму трэба заўважаць іх і змагацца з імі.

Падзяляючы каштоўнасці Бібліятэкі, я з задавальненнем пагадзілася быць там Кнігай. На дадзены момант я прысутнічала на некалькіх мерапрыемствах, прычым некаторыя з іх праходзілі не толькі ў Мінску. Таму скажу, што я бачу адрозненне паміж слухачамі сталіцы і рэгіёнаў. Мяркую, яно паўстае з-за таго, што ў мінчан больш магчымасцяў даведацца пра справу пэўных людзей, наведаць нейкія спецыялізаваныя імпрэзы. Таму і на Бібліятэку яны прыходзяць з пэўнай валізай ведаў, пытанні, якія яны задаюць, больш глыбінныя: не “Хто вы?” ці “Што гэта такое?”, а “Як вы з гэтым жывяце?”, “Як спраўляецеся са стрэсам?”. Але адзначу, што і ў Мінску, і ў рэгіёнах размова заўсёды атрымліваецца вельмі цікавай і шчырай.

Напрыклад, на апошняй Бібліятэцы мяне здзівілі людзі, якія цікавіліся, як я сябе падтрымліваю, чым, з улікам цяжкасці працы, матывую. Гэта класна – я бачу, што слухачоў цікавіць мой унутраны свет, адчуваю сімпатыю. Адказ на гэтыя пытанні быў адзін: у мяне ёсць вельмі высокая ўнутраная матывацыя, дапамагаюць і аднадумцы, якія побач, але я, безумоўна, спрабую і пераключацца – напрыклад, узяла з прытулку сабаку, ну і выконваю нейкія базавыя правілы “антывыгарання”.

Цяпер я сустракаю шмат маладых людзей, якія жадаюць займацца праваабаронай, але калі казаць пра мяне, то я проста не бачыла іншага варыянта.

Справа ў тым, што, паступіўшы ў юрыдычны каледж, я не зусім усведамляла, цікава мне гэта ці не. А потым, сутыкнуўшыся з нейкай практычнай дзейнасцю, хутка зразумела, як сапраўды працуе прававы апарат у Беларусі, – было нейкае расчараванне, нават хацелася забраць дакументы пасля трэцяга курса. Але я хутка зразумела, што ёсць іншы варыянт прыстасаваць свае веды – працаваць у сферы правоў чалавека. Так, напэўна, і пачаўся мой шлях.

Быць праваабаронцам у Беларусі – гэта, па-першае, раздзяляць пэўныя каштоўнасці і правы чалавека, а па-другое, разумець наш стан як праваабаронцаў тут. Быць шчытом паміж уладай і чалавекам. Улады ж не заўжды гатовыя выконваць свае абавязкі, а мы павінныя даводзіць ім іх хібы.

Шмат хто кажа, што мы проста лаем уладу, але гэта ня так. Мы ўказваем на тыя рэчы, якія нам падаюцца праблемнымі, робім так, каб улада выпраўлялася і станавілася больш гуманнай.

Правы чалавека – гэта ж не абстрактная рэч, гэта частка міжнароднага права, і дзяржава сама пад імі падпісвалася, беручы на сябе пэўную адказнасць і абавязкі, а наша задача – глядзець за тым, каб гэтыя абавязкі выконваліся.

Цяпер я працую ў праваабарончай арганізацыі Human Constanta, дзе займаюся пераважна абаронай правоў замежнікаў. Напрыклад, з 2016 года мы разгарнулі праграму па дапамозе “транзітным бежанцам” (пераважна з Паўночнага Каўказа) у Брэсце. Намагаемся выкарыстаць усе дасяжныя нам механізмы, каб дапамагчы гэтым людзям, палепшыць іх стан, наладзіць кантакт з мясцовымі жыхарамі, палепшыць адносіны з беларусамі.

 

Аляксей Казлюк (праваабаронца, юрыст, даследчык)

Быць кнігай на Жывой Бібліятэцы вельмі карысна, бо калі ты шмат працуеш над нейкай вузкай тэмай, то вельмі важна выходзіць па-за кола людзей, з якімі пастаянна кантактуеш. Важна паглядзець, як твая справа выглядае звонку, як яе бачаць іншыя людзі, якія ў іх ёсць пытанні, чым яны цікавяцца і як разумеюць тое, чым ты займаешся. Акрамя таго, як Кнізе мне хочацца болей распавесці і пра праваабарону, развеяць пэўныя стэрэатыпы і, безумоўна, даведацца пра іх існаванне менавіта ад Чытачоў.

Але насамрэч выявілася так, што на Бібліятэках я не сутыкнуўся з большасцю стэрэатыпаў, пра існаванне якіх у грамадстве думаў.

І гэта цікава, бо мне падавалася, што існуючая медыйная прастора паўплывае на іх з’яўленне. Напрыклад, стэрэатып, што праваабаронцы працуюць з людзьмі, выключна звязанымі з палітыкай, нейкімі там актывістамі. Ці што праваабаронцы – гэта так званыя замежныя агенты (такі наратыў, які цягнецца да нас з суседняй Расіі).

Аднак Чытачоў больш цікавіла, якім чынам можна апынуцца ў такой прафесіі, якія для гэтага трэба мець здольнасці і якасці, ды і што гэта наогул значыць – быць праваабаронцам. Зразумела, былі пытанні пра палітвязняў і мігрантаў, але гэта цалкам зразумелыя для Беларусі пытанні. Ды і наогул стаўленне да мяне як да Кнігі было пазітыўнае. Я не сустрэўся з нейкім негатывам, наадварот, рыхтуючыся да нейкіх выклікаў і нязручных пытанняў, пабачыў толькі цікавасць.

Праваабарона – гэта не тое, чым я стаў займацца адразу пасля ўніверсітэта, але адзначу, што супрацоўнічаць з праваабарочымі арганізацыямі пачаў яшчэ студэнтам.

Увогуле што тычыцца арганізацый трэцяга сектара, то мяне там заўсёды прыцягвалі людзі – яны вельмі адданыя сваёй справе, любяць дапамагаць тым, хто побач, а не толькі клапоцяцца пра свой дабрабыт, – таму я і пачаў захапляцца імі, спрабаваў паспрыяць іх працы.

Скончыўшы факультэт міжнародных адносінаў БДУ (аддзяленне Міжнароднага права), я нейкі час працаваў не па спецыяльнасці, увогуле займаўся камерцыйнай фатаграфіяй. Чаму? Скажу так: калі ты вучышся на юрыста, то ёсць зусім няшмат месцаў у Беларусі, дзе можна сапраўды прымяняць атрыманыя веды на практыцы, а не ў тэорыі. Складана застацца ў прафесіі, калі цябе рыхтуюць быць юрыстам, то-бок тым, ад каго залежыць справядлівасць грамадства, а насамрэч ты нічога не можаш зрабіць, бачыш, што механізм сапраўднай прававой дзяржавы, які ты вывучаў, не працуе.

Але імкненне неяк змяніць сітуацыю і памяняць да лепшага краіну, у якой жывеш, перамагло. Тады я пачаў працаваць у Цэнтры прававой трансфармацыі, папрасіў даць мне нейкую юрыдычную справу, каб быць карысным. І паколькі гэты быў пачатак снежня 2010 года, то ўжо ў канцы месяца ў мяне не заставалася ніякага выбару, як пачаць зноўку актыўна займацца праваабаронай. Нават не было часу задумацца над тым, ці правільны я абраў шлях. Трэба было рабіць справу, а не разважаць. Зноўку, сітуацыя пасля 19 снежня – гэта сур’ёзны выклік: былі сотні затрыманых людзей, крымінальныя справы – наступствы таго дня расцягнуліся на некалькі гадоў.

Было цяжка, але тое, што мы тады зрабілі, мне дагэтуль падаецца адной з самых істотных рэчаў, якія я рабіў як праваабаронца.

Заснаваўшы два гады таму новую арганізацыю Human Constanta, мы абралі мэтаю працу з сучаснымі выклікамі для правоў чалавека. Акрамя іншага, мы пачалі займацца праблемамі бежанцаў з Паўночнага Каўказа, якія спрабуюць праз Беларусь патрапіць у Еўрапейскі Саюз. Зараз яны проста захраслі ў Брэсце ў нейкім нявызначаным стане: іх не прымае Польшча, а тут іх не лічаць за бежанцаў, таму заўсёды ёсць пагроза дэпартацыі на радзіму, дзе гэтых людзей чакае небяспека. Праца з бежанцамі для мяне – выклік не меншы за сітуацыю 19 снежня. Праз місію Human Constanta мы ўжо дапамаглі сотням людзей, задзейнічалі вялікую колькасць валанцёраў, і праца працягваецца, бо праблема дагэтуль не вырашана сістэмна. Шмат што залежыць ад рашэння Польскага ўрада, канешне, але мы намагаемся зрабіць жыццё мігрантаў больш бяспечным і абароненым.

Наогул быць праваабаронцам у Беларусі – гэта не столькі пра прафесію, колькі пра пакліканне. Насамрэч абаронай правоў чалавека можа займацца кожны. Кожны можа заўважаць несправядлівасці і выпраўляць іх.

Часам кропкавыя дзеянні тысяч людзей прыносяць больш плёну, чым праца дзясяткаў прафесійных праваабаронцаў.

Але заўжды павінны быць людзі, якія глыбока разумеюць сутнасць правоў чалавека, умеюць арганізаваць вакол сябе аднадумцаў і навучыць іншых адстойваць правы.

Хочацца, каб больш людзей бачылі праваабарону як нейкую частку свайго жыцця. Але калі казаць пра праваабарону як прафесію, то гэта патрабуе пэўнай мужнасці, ну і апантанасці, канешне.

 

Тэкст: Сяргей Шаматульскі
Фота з архіваў герояў і суполкі Human Constanta