Адна з самых (калі не самая) маладая каманда Жывой Бібліятэкі ў Беларусі. Брэст як рухавік мясцовай актыўнасці і добры прыклад таго, як перастаць глядзець на сталіцу і пачаць рабіць нешта сваё.

Загадчыца аптэкі Алена і праграмістка Ганна – першая сталая каманда Жывой Бібліятэкі ў Брэсце. Менавіта гэтыя дзяўчаты з даволі сур’ёзнымі працамі знаходзяць сілы, а галоўнае – час, каб разварушыць свой горад і, вядома, разбурыць стэрэатыпы.

Першая Жывая Бібліятэка ў Брэсце, арганізаваная імі, адбылася летась 24 верасня. Цяпер за плячыма маладой каманды ўжо тры ЖБ, уплеценыя ў розныя гарадскія мерапрыемствы: ад “Шчырай размовы” ў супрацоўніцтве з клубным домам “Калейдаскоп” (размовы на тэму псіхічнага здароўя) да ЖБ у рамках фестывалю дакументальнага кіно “Watch Dogs” з удзелам праваабаронцаў. Акрамя таго ЖБ Брэста актыўна супрацоўнічае з адукацыйным праектам АБФ (Брэст) і праваабарончай арганізацыяй Human Constanta.

Алена: 

Мой шлях да арганізацыі ЖБ быў відавочны. Я досыць актыўна ўдзельнічала ў віцебскай Бібліятэцы – была Кнігай-феміністкай, і калі прыехала ў Брэст па размеркаванні, то вырашыла паспрабаваць сябе ўжо ў ролі арганізатаркі.

Спачатку напісала віцебскім сябрам, каб тыя дапамаглі мне, падказалі што-небудзь, яны падзяліліся кантактамі мінскай каманды, дзяўчаты з якой пасля дапамаглі нам з арганізацыяй першай Бібіліятэкі і нават прыехалі на яе. Ну, неяк так і завярцелася.

 

Ганна:

Цяжка сказаць, чым наша Бібліятэка адрозніваецца ад іншых. Нам проста няма з чым параўноўваць. Вопыт Алены – гэты вопыт Кнігі, то-бок зусім іншае амплуа, у якім ты не звяртаеш увагі на арганізацыйныя моманты. Я ж толькі аднойчы прысутнічала на мінскай ЖБ. Але Мінск у любым выпадку з іншай вагавой катэгорыі – з ім крыху некарэктна параўноўваць нас.

У цэлым мы пераймаем вопыт, вучымся ў іншых Бібліятэк, з-за гэтага, напэўна, і намагаемся быць падобнымі да іх, а не шукаем сваю “адметнасць”. Магчыма, з часам штосьці такое з’явіцца ў нас, але пакуль мы яшчэ зусім маладыя.

 

Алена і Ганна:

На нашу першую Бібліятэку прыйшло 36 чалавек. Мы не лічым, што гэта мала, – для нашага горада гэта нармалёва. Трэба адзначыць: ёсць такая асаблівасць – мясцовых у прынцыпе цяжка кудысьці выцягнуць, горад не звыклы да такіх мерапрыемстваў.

Разам з тым нам цяжка адшукаць і, што важна, запрасіць цікавыя Кнігі – трэба, каб “усе зоркі сышліся”, каб усе змаглі быць у пэўны час у пэўным месцы.  Ды, калі казаць шчыра, 36 чытачоў – адэкватная лічба. Больш мы б не змаглі прыняць – памяшканне, у якім праводзіцца ЖБ, досыць невялікае. Але мы плануем адшукаць вялікую пляцоўку і паспрабаваць прыцягнуць больш чытачоў. Чаму? Бо ЖБ цікавая жыхарам Брэста. Мы бачым гэта па водгуках, бачым па скаргах на “недахоп часу” – людзі жадаюць даведацца адзін пра аднаго больш.

Што датычыць тэм, то, зразумела, больш зацікаўліваюць табуяваныя пытанні: ЛГБТ+, напрыклад, – такія Кнігі заўсёды “бэстсэлеры”, і гэта відавочна для невялічкага горада. Але тэмы розныя: хлопец, які служыў у Печах, маці з дзіцёнкам з сіндромам Даўна, пратэстанцкі святар, мусульманка.

Юрый (Кніга-фарватар, Кніга-святар)

Я вельмі даўно займаюся тым, што распавядаю людзям пра сябе, свае погляды і прынцыпы. Але менавіта на ЖБ патрапіў пасля запрашэння арганізатарак. Насамрэч я не ведаю, як яны адшукалі мой нумар тэлефона, але мы скантактаваліся, мне распавялі пра фармат Бібліятэкі, і я з задавальненнем пагадзіўся ўдзельнічаць.

Справа ў тым, што я і сам праводзіў падобныя мерапрыемствы, калі працаваў у Нарвегіі. Канешне, тое, што рабіў я, было крыху ў іншым фармаце, але і сістэма ЖБ досыць цікавая, таму я патрымаў ініцыятыву дзяўчат.

У ролі Кнігі я выступаў двойчы: упершыню з тэмай “фарватар”, пасля “святар”. Але і ў першы, і ў другі раз распавядаў пра свой вопыт марака, бо я доўгі час хадзіў у мора, цяпер ж мае жыццё змянілася і я стаў прапаведнікам. Напэўна, галоўны сэнс мяне як Кнігі быў у тым, каб паказаць людзям іншы фармат святара: святара пратэстанцкай царквы, які абсалютна адаптаваны да сучаснасці. Зусім не хочацца, каб у грамадстве трывала меркаванне, што ўсе звязаныя з царквой людзі нейкія закрытыя альбо адарваныя ад сапраўднага жыцця.

Акрамя таго, Брэсту неабходны такія мерапрыемствы – гэта вельмі зручная пляцоўка для сустрэч розных поглядаў і меркаванняў. Галоўная ідэя – разбурэнне стэрэатыпаў – адлюстроўваецца тут, прынамсі гэта адбывалася на тых сустрэчах, дзе я прысутнічаў. Гэта бачна па тым, што мне казалі Чытачы, па іх водгуках.

Сам удзел у ЖБ дастаткова цікавы – я не стаміўся і, галоўнае, мяне вельмі здзівіла, што моладзь задавала цікавыя і правільныя пытанні, было бачна, што ім на самой справе важна даведацца нешта, разбурыць тыя самыя стэрэатыпы.

 

Максім (Кніга-праваабаронца, Кніга-тэолаг)

Сталася так, што Кнігай у Брэсце я быў не ўпершыню. Да гэтага я некалькі разоў удзельнічаў у Жывой Бібліятэцы ў Мінску і Маладзечна, там я быў Кнігай-тэолагам, і толькі тут выступаў як праваабаронца (але некаторыя сесіі ўсё роўна так ці інакш “скатваліся” да тэалогіі). Справа ў тым, што я скончыў тэалагічны каледж, некаторы час жыў у манастыры, пасля займаўся праваабароннай дзейнасцю, а цяпер працую юрыстам – таму, напэўна, арганізатаркі і папрасілі мяне распавесці пра іншы бок майго жыцця.

Заўважу, што тэалогія цікавіць людзей больш у межах Бібліятэк. Чытачоў узрушвала, што чалавек, якому 22-23 гады, можа быць вернікам у наш час, жадаць ісці ў манастыр і разам з тым выглядаць абсалютна звычайна: насіць даўгія валасы, мець пірсінг. Але нашы размовы не скатваліся ў тэарэтычную тэалогію, людзей цікавілі агульныя пытанні: што такое “вера”, “любоў”, “хрысціянства”? Ды і я сам зацікаўлены ў такой размове, бо калі ты распавядаеш сваю гісторыю некалькі разоў, то заўважаеш у сваім жыцці некаторыя моманты, якія раней не бачыў. І гэта прыемна.

Не магу сказаць, што Чытачы з Брэста былі нейкія асаблівыя, на ўсе Бібліятэкі прыходзяць прыкладна аднолькавыя людзі з падобнымі пытаннямі. Але я вельмі рады, што тут адбываюцца такія мерапрыемствы. Гэта адлюстроўвае, што “актыўнасць” перастае быць адметнасцю Мінска. І калі ў Брэсце з’яўляцца нешта арганізаванае мясцовымі жыхарамі, то гэта класна. Таму што не варта глядзець на сталіцу: калі ў цябе ёсць нейкая запатрабаванасць у чымсьці –  рабі гэта сам.

 

Сяргей Шаматульскі

Фота: Жывая Бібліятэка ў Брэсце

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

CAPTCHA: *