Калі вы думаеце, што ўсё класнае толькі ў сталіцы, то наведайце Маладзечна. Гораду, які перастаў глядзець на Мінск ды стварыў сваё, ёсць чым здзіўляць. І мы гаворым не пра фестываль песні. Перш за ўсё – людзі.   

Не пабаяцца і расказаць. Не пабаяцца і зрабіць. Сустракайце Маладзечна. Актывістка ды арганізатарка Юля Мароз, Кнігі Міхаіл і Таццяна – у маналогах пра жыццё Жывой Бібліятэкі ў невялікім горадзе.

 

Юля (арганізатарка)

Жывая Бібліятэка – гэта хобі, не праца. Мой асноўны занятак звязаны з замежнай мовай – я менеджарка па сувязях з кліентамі, вучылася на выкладчыцу ангельскай, але ў школе ўжо не працую.

Пра існаванне праекта ЖБ я даведалася болей за два гады таму. Мяне тады вельмі заклапаціла, каб падобнае з’явілася і ў маім горадзе. Бо, калі шчыра, было ляніва ездзіць у Мінск кожны раз, калі я хацела патрапіць на ЖБ.

Выходзіць, праз ляноту – у першую чаргу – усё і арганізавалася: з Чытача я раптам пераўтварылася ў арганізатарку.

Першая ЖБ, якую я правяла ў Маладзечне, адбылася 24 красавіка 2016 года. Заўважу, саму ідэю мерапрыемства – “навошта?” – я злавіла адразу, яшчэ да таго, як патрапіла ў Мінск. Таму цяжкасцей з разуменнем таго, што раблю, не існавала. Няпроста было больш з папяровай працай – трэба скласці каталогі, анкеты. Так, мы мелі агульную “базу”, мінскія арганізатаркі перадалі яе нам, але, тым не менш, праўкі і раздрукоўкі даліся не так лёгка. Таксама анонсы мерапрыемства – іх трэба было напісаць, рассылаць камусьці, але як і каму, было невядома.

Адзначу, што мінчане дапамаглі  нам не толькі з “дакументацыяй”, але непасрэдна і ў правядзенні Бібліятэкі. Марына Штрахава (арганізатарка ЖБ у Мінску) нават прыехала нас падтрымаць і была адной з Кніг, з таго часу мы падтрымліваем сувязь.

Першы досвед у ролі арганізатаркі даўся мне цяжка ўнутрана. Калі скончылася першая ЖБ, я прыйшла дадому і проста “закрылася” ад усіх: у мяне не было ніякага жадання тэлефанаваць камусьці, пытацца, як прайшло, – аднак мы ўсё роўна вырашылі працягнуць, бо ведалі, што адно мерапрыемства нічога не вырашае. Тады на першую Бібліятэку мы ледзьве не прыцягвалі людзей за рукі: “Вось што ў нас ёсць”. Таму трэба было рабіць справу далей, каб пабачыць, ці ёсць нейкі вынік з яе наогул.

Спачатку Бібліятэкі ў нас былі досыць “спакойныя” – Кнігі не выклікалі нейкага ажыятажу ў Чытачоў. Але пасля мы пачалі запрашаць больш вострых персанажаў. “Выбух” адбыўся, калі выступала Кніга-трансгендар. Мы адразу пабачылі рэакцыю: адзін з Чытачоў выйшаў пасярод сесіі з памяшкання, пасля вярнуўся, працягнуў слухаць, я бачыла, што яго непакоіць нешта. Ён нават запытаўся ў мяне: “Вось што вы мяркуеце з гэтай нагоды?” – яго вельмі турбавала пачутае, ён не зусім разумеў, як сябе паводзіць. Але самае нечаканае адбылося пасля: гэты хлопец не толькі застаўся, ён нават прапанаваў быць валанцёрам.

Цяпер вынікі такія: у нас з’явіліся валанцёры, пастаянныя Чытачы, але ёсць і такія, хто чуе пра Бібліятэку ўпершыню, наогул не ведае, што такое мерапрыемства існуе. Маем клопат і з Кнігамі. Маладзечна – невялічкі горад, адшукаць тут цікавых людзей, якія, разам з тым, захочуць распавесці пра сябе, цяжка. Таму, напэўна, у нас не так шмат Кніг на вострыя тэмы, іх не заўсёды лёгка дамагчыся. Мы ведаем, што яны існуюць, але не ідуць да нас. Магчыма, у вялікім горадзе такая праблема стаяла б не так востра.

То-бок працы наперадзе яшчэ шмат – як з Кнігамі, так і з самой камандай, каб кожны ўдзельнік уключаўся больш у справу. Але з-за недахопу часу не заўсёды планы атрымліваецца здзейсніць на сто адсоткаў. Бывае, проста няма хвілінкі напісаць добры пост у суполцы, бо стамілася. Таксама я думаю пра фармат. Мару зрабіць прафарыентаваную Бібліятэку для школьнікаў, бо мне як у мінулым выкладчыцы падаецца гэта цікавым і карысным.

Відавочна, мы намагаемся павялічыць колькасць слухачоў. Ідэал – 40 чалавек на мерапрыемстве. Але і ў памяшкання Red Bar, дзе мы праводзім ЖБ, ёсць свае плюсы – людзі, якія прыходзяць да нас, адзначаюць “лямпавасць” мерапрыемства. Гэта крута, такая наша своеасаблівасць і адметнасць.

 

Міхаіл (Кніга “Былы наркаман”)

Жывая Бібліятэка – гэта толькі станоўчыя эмоцыі. Не памятаю нейкіх негатыўных момантаў, кожны чалавек, з кім давялося размаўляць, – гэта цэлы сусвет і пазітыў. Я заўсёды рады дзяліцца сваёй гісторыяй і праз гэта станоўча ўплываць на моладзь.

Больш за тое, упэўнены, у мяне атрымалася разбурыць стэрэатыпы ў Чытачоў.

Некаторыя спачатку нават не маглі паверыць, што можна так проста сустрэць кагосьці, хто быў наркаманам, ды яшчэ і жывога.

Жывая Бібліятэка неабходная Маладзечна: горад невялікі і таму людзі павінны даведвацца пра тых, хто не такі, як яны. Разбураць стэрэатыпы, бо ў кожнага чалавека яны ёсць, проста ён можа пра гэта не здагадвацца. Ды і асабіста мне яна патрэбная. Тут ёсць магчымасць наўпрост адчуваць тое, што хвалюе, разбураць памылковыя меркаванні і такім чынам рабіцца лепшым, больш разумець сусвет.

 

Таццяна (Кніга “Маці дзіцёнка з сіндромам Даўна”)

З Жывой Бібліятэкай я пазнаёмілася ў Мінску. Туды мяне запрасіла такая самая, як і я, маці асаблівага дзіцёнка. Яна была Кнігай, а я проста прысутнічала побач, глядзела. Там жа даведалася, што падобны праект ёсць і ў маім горадзе, таму вырашыла напісаць арганізатарам Бібліятэкі ў Маладзечна з прапановай удзельнічаць.

Мне спадабалася быць Кнігай. Я рада, што людзі гатовыя да размоў, гатовыя чуць і слухаць, ды і Чытачы паставіліся з цікавасцю да мяне. Безумоўна, пытанні вельмі часта былі падобныя – гэта кажа пра нейкую агульнасць у адносінах да дадзенай тэмы ў нашым грамадстве, з-за чаго, напэўна, і трэба ўсё тлумачыць самой, “з першых вуснаў”. Шмат хто прывык думаць, што маці асаблівага дзіцёнка – гэта няшчасны, забіты горам чалавек. Таму, мяркую, Чытачы былі радыя пачуць, што ў любых абставінах жыццё можа быць цікавым ды разнастайным. Мы самі вырашаем, як нам жыць.

            Мая дачка – прыклад таго, што сіндром Даўна не катастрофа і не гора,

а такое самае шчасце, як і любы іншы дзіцёнак у доме. Яна вучыцца, сябруе, радуе нас. У мяне ёсць любімая праца, я развіваюся прафесійна і жыву насычаным і цікавым жыццём. У мяне і маіх дзяцей ёсць свае сябры і інтарэсы. Яны любяць адно аднаго.

Маім Чытачам трэба пабачыць, што я насамрэч шчаслівая. Дзіцёнак з сіндромам Даўна можа прыйсці ў любую сям’ю, і гэта не падстава біцца ў істэрыцы, а, хутчэй, магчымасць убачыць і адчуць нашмат больш. Для мяне важна, каб у такіх дзяцей была магчымасць жыць паўнавартасным жыццём: вучыцца, развівацца, сябраваць. А дзеля гэтага трэба размаўляць з людзьмі, бо ніхто не распавядзе пра сітуацыю лепей за чалавека з асабістым досведам.

Таму Жывая Бібліятэка і патрэбна Маладзечна, бо ў кожнага, хто гатовы змяніць сваё меркаванне па пэўных пытаннях ды даведацца нешта, павінна быць такая магчымасць. І зусім не важна, колькі Чытачоў і Кніг прыйдзе на мерапрыемства, часам адзін чалавек можа зрабіць нашмат больш за натоўп.

 

Тэкст: Сяргей Шаматульскі.

Фота з архіва Жывой Бібліятэкі ў Маладзечна.